Настаўнік навукі аб жыцці

Валянціна Мятава — адна з самых вопытных педагогаў нашага раёна. Таму і не выпадкова, што гэтая жанчына, нават пайшоўшы на заслужаны адпачынак, як і раней, працягвае дзяліцца ведамі з вучнямі ў Жыткавіцкай гарадской гімназіі. Менавіта сюды два гады таму і запрасілі настаўнікам біялогіі Валянціну Пятроўну.


Увесь педагагічны стаж Валянціны Мятавай складае трыццать восем гадоў. І за гэты час шмат дзе давялося папрацаваць жанчыне. Аб’ездзіўшы разам з мужам шматлікія ваенныя гарнізоны былога Савецага Саюза і дзяржаў Варшаўскага дагавора, свой працоўны шлях у нашым палескім кутку пачала з 1996 года з пасады намесніка дырэктара школы-інтэрната. У хуткім часе яна і ўзначаліла гэтую ўстанову, тады яшчэ не ведаўшы, што праз дзесятак гадоў зноў апыніцца ў гэтым будынку. Толькі гэта будзе ўжо не звычайная школа, а месца, дзе кожны сам імкнецца атрымаць як мага больш ведаў. Бо нездарма ён апынуўся ў сценах гімназіі, прайшоўшы даволі сур’ёзны экзамен.


І кожны вучань стараецца тут па-сапраўднаму ўзяць з кожнага ўрока як мага больш. Не выключэнне складае і біялогія.


— За два гады існавання гімназіі, — гаворыць Валянціна Пятроўна, — былі праведзены дзве доследныя работы экалагічнай накіраванасці. І ў двух выпадках яны сталі пераможцамі на абластным узроўні. Так, у мінулым годзе мая вучаніца Аксана Стома за работу “Экалагічныя праблемы сучаснасці” пры даследаванні паветра атрымала дыплом першай ступені ў Гомелі, пасля чаго прыняла ўдзел і ў рэспубліканскім конкурсе. У гэтым жа годзе аналагічны праект, які толькі закрануў у нейкай ступені другі накірунак, ізноў апынуўся сярод прызёраў. А 10 лютага ён будзе аценьвацца на рэспубліканскім узроўні.


Да і астатнія вучні таксама стараюцца. Прыкладам таму з’яўляецца тое, што падчас уступнай кампаніі больш за дваццаць працэнтаў выпускнікоў здавалі менавіта гэты прадмет і здалі яго паспяхова.


У гэтым жа годзе колькасць вучняў, якія абралі сваю будучую спецыяльнасць, звязаную з біялогіяй, значна павялічыцца. Таму і стараецца Валянціна Мятава, каб даць больш паглыбленыя веды кожнаму вучню.


А для гэтага ёсць усе ўмовы. Адзінае, чаго б хацелася настаўніцы, дык гэта каб павялічыўся і кампьютарны клас. Бо менавіта на камп’ютарнай тэхніцы даводзіцца працаваць усё больш і больш. Ды і наглядны матэрыял таксама патрабуе абнаўлення. Астатняе ж, у тым ліку і індывідуальны падход да кожнага вучня, у гімназіі ёсць. Застаецца толькі вучыцца.


А. КІЦУРА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.