Калі ведалі чалавека – адгукніцеся

На адрас рэдакцыі газеты “Новае Палессе” нядаўна прыйшоў ліст з Бранска ад Аляксандра Віктаравіча Туцікава. Так склалася, што яго школьныя гады прайшлі ў ваенным гарадку, а затым і ў Жыткавічах. Ен закончыў сярэднюю школу №1 у 1973 годзе, быў сакратаром камітэта ЛКСМБ школы. Затым пакінуў родны горад. Так сталася — назаўсёды. Бацька з маці — Капіталіна Аляксееўна і Віктар Аляксандравіч — жылі на вуліцы Фрунзе, 60. Аўтар пісьма вельмі ганарыцца сваімі роднымі, якія, на жаль, пайшлі ўжо з жыцця. Асабліва — бацькам. Віктар Аляксандравіч Туцікаў працаваў у прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы райцэнтра кіраўніком ваеннай падрыхтоўкі, узначальваў партыйную арганізацыю і, магчыма, савет ветэранаў.


Сын Віктара Аляксандравіча Аляксандр Віктаравіч Туцікаў сёння — вядомы навукоўца, кандыдат педагагічных навук, збірае матэрыялы для кнігі аб сваім нябожчыку-бацьку. Асабліва цікавіць яго грамадская дзейнасць роднага чалавека ў нашым раёне з 1974 по 1990 год.


Каб нейкім чынам дапамагчы, мы вырашылі звярнуцца праз газету да ўсіх, хто асабіста ведаў альбо працаваў з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны В.А. Туцікавым. З просьбай напісаць успамін пра гэтага чалавека. Альбо проста прыйсці да нас і расказаць пра яго. Усе сабраныя звесткі мы з задавальненнем перададзім у Бранск, і, магчыма, з вашай дапамогай, паважаныя чытачы, падрыхтуем публікацыю ў газеце. Добрай справе трэба паспрыяць!


Тэлефануйце, калі ласка, на нумар 21144, у аўтаматычным рэжыме вы можаце нават пакінуць паведамленне. Але лепш, каб успамін быў напісаны. Наведайце рэдакцыю ў любы час. Чакаем водгукаў!


У.ГАЎРЫЛОВІЧ, галоўны рэдактар “НП”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.