Завітайце ў бібліятэку!
Сёлета Хільчыцкай сельскай бібліятэцы спаўняецца 80 гадоў з дня заснавання. Шаноўны юбілей для ўстановы культуры стаў нагодай для сустрэчы карэспандэнта “НП” з загадчыкам бібліятэкі Сяргеем Адамавічам ХАЛІМОНЧЫКАМ.
— Сяргей Адамавіч, Вы — адзіны загадчык бібліятэкі ў раёне — мужчына. Што сталася першаасновай Вашага выбару прафесіі?
— Канешне ж, любоў да кнігі. Ад жадання данесці друкаванае духоўнае багацце сваім землякам.
— А што сабой уяўляе сучасная бібліятэка?
— Бібліятэка, на маю думку, галоўны інфармацыйны цэнтр на вёсцы. Хільчыцкая бібліятэка абслугоўвае больш за 350 чытачоў населенага пункта. Бібліятэка працуе ў накірунку патрыятычнага выхавання моладзі, любові да Радзімы, роднага кутка. Бібліятэка — своеасаблівая скарбніца культуры і гісторыі вёскі.
— І, зразумела, гісторыі самой установы. Зрабіце, калі ласка, для нашых чытачоў невялікі экскурс…
— За васьмідзесяцігадовы перыяд наша вясковая бібліятэка прайшла ў сваім развіцці ад хаты-чытальні да сучаснай установы, якая займае памяшканне ва ўтульным будынку сельскага Дома культуры. Я дазволю сабе нагадаць успаміны пайшоўшых з жыцця жыхароў нашай вёскі Карпа Данілавіча Птушка і Васіля Іванавіча Вашкова. Яны з пачатку дваццатых гадоў нашага стагоддзя хадзілі на пагранічную заставу за кнігамі і часопісамі. У той час наша вёска знаходзілася на мяжы з Заходняй Беларуссю. Кніга ў Хільчыцах была, такім чынам, паважаным сябрам. А свой пачатак бібліятэка ўзяла ў 1929 годзе, калі быў арганізаваны мясцовы калгас, адкрыта школа з сямігадовым навучаннем. На базе школкі і была створана бібліятэка, якую ўзначаліў малады настаўнік Уладзімір Герасімаў.
— А які быў кніжны фонд на той час?
— Зразумела, небагаты. У асноўным часопісы, газеты і розныя вучэбныя дапаможнікі. А вось мастацкіх кніг было вельмі мала. Хаця ж кніжны фонд штогод крыху папаўняўся, і чытачоў у бібліятэкі было нямала. Але з здарылася вайна, і ўсё было знішчана. Пасля Перамогі бібліятэка аднавіла працу на базе школы, а ў 1952 годзе была пераведзена ў звычайную вясковую хату. На працягу двух гадоў бібліятэчнай працай тады займаўся тутэйшы хлопец Адам Фёдаравіч Шруб. Затым бібліятэка “пераехала” у іншую хату члена калгаса, і ёй кіраваў Сяргей Рыгоравіч Белка з Любавіч.
— І так працягвалася доўга, маю на ўвазе, з хаты ў хату?
— Не. Зразумела, пасля вайны цяжка было не толькі з размяшчэннем бібліятэкі, людзям трэба было будаваць жыллё. Але ў 1956 годзе было прынята рашэнне аб пераводзе бібліятэкі ў кантору калгаса імя Малінкова. Яе ўзначаліла тураўлянка Галіна Канстанцінаўна Бруй.
— А калі, нарэшце, бібліятэка “разгарнула” плечы?
— Знакавым сапраўды стаў люты 1960 года, калі бібліятэка атрымала асобны будынак і тут стаў працаваць апантаны, улюбёны ў сваю працу чалавек – Адам Андрэеевіч Птушка. Кніжны фонд падчас яго працы складаў звыш трох тысяч экземпляраў. Чвэрць стагоддзя аддаў сваёй справе Адам Андрэевіч, за гэты перыяд фонды абнаўляліся неаднаразова. А калі прыйшоў яго час пайсці на заслужаны адпачынак, то колькасць кніг у ёй узрасла да 7000 асобнікаў. На два гады бібліятэку прымала Аляксандра Фёдараўна Шруб.
— Як Вы распавялі, мужчыны-бібліятэкары — у Хільчыцах добрая традыцыя. І Вы яе з гонарам нясеце таксама нямала…
— Я працую ў бібліятэцы з моманту заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна. Гэта быў далёкі 1987-ы год.
— Ці не шкадуеце, што абралі такі шлях?
— Ніводнага дня. Сваю справу я люблю, і люблю сваіх чытачоў…
— Вы падкрэслілі, што бібліятэка — інфармацыйны цэнтр. Але, мабыць, цікавасць наведвальнікаў выклікае не толькі шматлікая літаратура, але і мерапрыемствы, якія ладзяцца тут? Падзяліцеся: чым зацікаўліваеце сваіх наведвальнікаў?
— Шмат чым. Сёлетні год вельмі, напрыклад, адметны. Да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выдатна прайшло масавае мерапрыемства “ Навекі слава тым, хто ў полі ратным палеглі…” Мы арганізавалі цікавае мерапрыемства ў Жыткавіцкай дзіцячай бібліятэцы. Нямала рабілася ў накірунку патрыятычнага выхавання моладзі. Так, да дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў правялі памятную сустрэчу “Слава подзвігу, слава героям”. Ладзілі выставу малюнкаў сумесна з мастацкім аддзяленнем Верасніцкай дзіцячай школы мастацтваў. Арганізоўвалі і выставу “Братэрскі саюз” сумесна з мясцовым сельскім клубам. Цікава прайшоў конкурс чытальнікаў, удзел у якім бралі юныя члены літаратурнага аб’яднання “Натхненне”, якое працуе пры бібліятэцы і вучні аддзялення школы мастацтваў. Увогуле, хачу падкрэсліць, што бібліятэка заўсёды працуе сумесна з клубнай установай. Сумесна мы нядаўна правялі вечар-аповед “Навекі паранены вайной…”, удзел у якім браў ветэран Вялікай Айчыннай Мікалай Фёдаравіч Шруб. У верасні была праведзена сустрэча з паэтам-земляком Паўлам Шрубам, Тыдзень здароўя. І зараз праводзім шматлікія акцыі, штомесячна арганізоўваем інфармацыйныя гадзіны. І ў далейшым наша бібліятэка будзе працаваць на карысць людзей усіх узростаў, дапамагаць маладым набываць карысныя веды.
— Са святам Вас, з юбілеем!
— Дзякуй. Але я лічу юбілей бібліятэкі святам для ўсіх жыхароў вёскі. І галоўнае, радуюся, калі папаўняецца кніжны фонд, калі чытачоў становіцца больш. У такія моманты адчуваеш сябе шчаслівым чалавекам, які хоць нечым дапамог другому.
Гутарыў М. МІКАЛАЕЎ.