Прагучалі залпы салюта…
Розная тэхніка адвозіла людзей у гэтую раніцу ў бок вёскі Грэбень, а сышліся яны разам менавіта тут — у наваколлі гэтага населенага пункта, у лясным гушчары, што атуляе мясцовыя могілкі. У гэтым святым для людской памяці месцы і быў праведзены рытуал перазахавання астанкаў Івана Некрашэвіча, які здзейсніў у час Вялікай Айчыннай вайны ўчынак, што ў нечым пераклікаецца з подзвігам Івана Сусаніна…
У 12 гадзін машына з астанкамі І. Некрашэвіча прыбывае да месца захавання. Урну з машыны прымаюць прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і пад духавы аркестр пераносяць да брацкай магілы. Пачынаецца мітынг, які адкрываюць і вядуць Надзея Некрашэвіч і Дзяніс Гаўрылаў.
… Памяць пра загінуўшых — у сэрцы кожнага з нас. Яе агмень сагравае, абпальвае, загартоўвае душу. Не нам, а дзядулям нашым і бацькам выпаў суровы салдацкі і партызанскі лёс. Не мы, а яны ішлі доўгія дні, тыдні, месяцы, гады побач са смерцю і падалі. Перамога дасталася нам дарагою цаною. Тысячы баявых сяброў засталіся навечна ляжаць у беларускай зямлі. “Ніхто не забыты і нішто не забыта” — гэта словы поўныя глыбокага сэнсу і звернутыя не толькі ў мінулае, але і будучыню.
Вёску Вадапойла зараз не знойдзеш на геаграфічнай карце раёна. Як і вядомая ўсяму свету Хатынь, яна знікла з твару зямлі. А да вайны населены пункт Вадапойла быў ціхай, непрыкметнай вёсачкай, якая жыла мірным працоўным жыццём. Усяго 24 двары, 119 жыхароў. Стаяла яна ў лесе, у баку ад дарог, зрэдку заходзіў сюды чужы чалавек. Але з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны дарога сюды была добра вядомая партызанам. Вёска стала прыстанкам для народных мсціўцаў.
Фашысты па-зверску распраўляліся з сем’ямі, якія дапамагалі партызанам. Не абышоў гэты бязлітасны лёс бокам і жыхароў вёскі Вадапойла. 18 красавіка 1943 года карнікі ўзялі ў аблогу лясны лагер жыхароў, пачаліся гвалтаванні і здзекі. Фашысты і паліцаі патрабавалі паказаць дарогу ў партызанскі атрад. Ніхто з палешукоў не згаджаўся быць правадніком, хаця дарогу ведалі многія. Здзекі працягваліся…
Карнікі доўга мучылі Івана Некрашэвіча, якога лічылі партызанскім сувязным. На вачах патрыёта забілі ўсю яго сям’ю: жонку, дзяцей, а таксама аднавяскоўцаў. Іван Пятровіч нікога не выдаў. Тады ворагі прывязалі яго да фурманкі і накіраваліся ў Жыткавічы, дзе допыт працягваўся. Тады патрыёт згадзіўся паказаць дарогу да партызан.
Зноў накіраваўся карны атрад у зваротным напрамку да вёскі Вадапойла. Мужны змагар прывёў ворагаў на папялішчы ляснога лагера і кінуў у вочы душагубам свае апошнія словы: “Тут былі партызаны, тут усе партызаны і не бачыць вам іх”. Прагрымела аўтаматная чарга, — жыццё нескаронага патрыёта абарвалася…
У час рытуала перазахавання перад прысутнымі выступіў старшыня Руднянскага сельсавета Віктар Пяшэвіч. Сваімі ўспамінамі пра апошнія гадзіны жыцця Івана Пятровіча Некрашэвіча падзяліліся ветэран вайны і працы Баляслаў Юхневіч, пенсіянерка Валянціна Фралова, другія прысутныя.
Урна пад суправаджэнне духавога аркестра апускаецца ў магілу, засыпаецца зямлёю. Ускладаецца стужка памяці. Гучаць залпы салюта. І з галін вечназялёных сосен сыплюцца долу кроплі дажджу, быццам слёзы закатаваных у нашым палескім кутку людзей у час мінулай вайны…
У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік ідэалагічнага аддзела Жыткавіцкага райвыканкама Леанід Валатоўскі, работнікі аддзела культуры, міліцыі, ветэраны вайны і працы, жыхары суседніх вёсак, госці, што прыехалі па-за межаў раёна.
С. КУЛАКЕВІЧ.