На крок наперадзе
Заўсёды павінна быць мясцовая ўлада, калі яе рашэнні датычацца людзей У панядзелак адбылося пасяджэнне Рычоўскага сельскага выканаўчага камітэта, павестка дня якога прадугледжвала тры пытанні. З пазіцыі таго, што на разгляд першага (а размова ішла аб аказанні насельніцтву пярвічнай даўрачэбнай медыцынскай дапамогі, забеспячэнні медыкаментамі, правядзенні прафілактычнай работы з насельніцтвам) былі запрошаны загадчыкі ФАПаў і в.а. галоўнага ўрача ЦРБ, можна было меркаваць, што гэтае пытанне — найгалоўнейшае сёння для жыхароў сельсавета і тут назіраюцца нейкія значныя праблемы. Аднак, як высветлілася падчас разгляду пытання, праблем у гэтым напрамку няшмат…
Іх наяўнасць тут, як мне падалося, вырашаюць хутка і кампетэнтна чатыры медыкі-прафесіяналы Т.І. Балбуцкая, Т.Ф. Бабарыка, М.Ф.Балмакова, К.А. Бічко. Усе яны мясцовыя, маюць вопыт працы ў лячэбна-прафілактычных установах звыш дваццаці гадоў. Больш таго, нядаўняе сацыялагічнае апытанне, праведзенае работнікамі ідэалагічнага аддзела райвыканкама, паказала, што 91 працэнт насельніцтва сельсавета станоўча ацэньвае дзейнасць медыкаў. Увогуле, некаторыя члены выканкама да пасяджэння гаварылі адназначна: нам пашанцавала як на медыцынскіх работнікаў, так і на сацыяльных. Бо яны — свае, а сярод сваіх працаваць кепска — сорамна.
І яны працуюць, добрасумленна выконваюць свае абавязкі, у якія, зразумела, уваходзяць паняцці “прафілактыка” і “матывацыя” да вядзення здаровага ладу жыцця, аказваюць насельніцтву даўрачэбную дапамогу, выконваюць назначэнні ўрача, аказваюць экстранную дапамогу пры вострых захворваннях і няшчасных выпадках, вядуць патранаж цяжарных жанчын, дзяцей, адзінока пражываючых пажылых людзей, сямей высокай сацыяльнай рызыкі, праводзяць падворныя абходы, рэалізуюць лекавыя прэпараты насельніцтву. Скаргаў, як сведчыла з выступлення кіраўніка рабочай групы па падрыхтоўцы пытання на выканкам К. Міхальчанка, на працу фельчарска-акушэрскіх пунктаў не паступала. Карацей, працуюць медыкі тут добра.
Прызнаюся: здзівіла пазіцыя кіраўніцтва сельвыканкама па справядліва зададзенаму пытанню загадчыцы Рычоўскага ФАПа адносна адсутнасці памяшкання для прыёму хворых у Рыдчы. Аказваецца, праблему ў сельсавеце ведаюць. І знайшлі пакой. На ферме… у так называемым чырвоным куце. Гэта, зразумела, выклікала горкую ўсмешку ў медработнікаў. Пазіцыя ж старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, у дачыненні да вырашэння гэтага пытання, была патрабавальнай і справядлівай: “Пра што толькі думалі, каб хворых людзей завесці на ферму! Шукайце памяшканне і адкрывайце ў вёсцы, па прыкладу Юркевіцкага сельсавета, дом сацыяльных паслуг… Мы ж жывём у ХХІ стагоддзі!”
Альбо вось праблема, якая існуе з водазабеспячэннем Хільчыцкага фельчарска-акушэрскага пункта — яе агучыў дырэктар мясцовай школы У.Я. Лясько. Склалася ўражанне, што паправіць сітуацыю ніхто і не збіраецца. Хаця ж М.М. Бабенка, в.а. галоўнага ўрача, канстатаваў, што праблема будзе-такі вырашана ў наступным годзе. Але чаму яна павінна быць вырашана толькі за кошт бюджэтных сродкаў? Няўжо выкарыстаны ўсе рэзервы на мясцовым узроўні? Як падаецца, не выкарыстаны. Многія ж былі здзіўлены, калі М.Р. Шруб падкрэсліў, што яму, як кіраўніку фермерскай гаспадаркі, сорамна, што на тэрыторыі Хільчыц існуе такая дробязная праблема… Седзячы ў зале, шмат разоў задаваўся пытаннем: а ці была неабходнасць разглядаць дзейнасць ФАПаў менавіта ў такім напрамку, як гэта было зроблена? Відавочна, не. Магчыма, варта было правесці рабочую нараду, дзе проста спытацца ў медыкаў: ці ўсё ва ўстановах ёсць з медыкаментаў на выпадак рэспіраторных захворванняў ці грыпу, іншых эпідэмічных сітуацый?..
Здзівіў і яшчэ адзін аспект. Як падалося, пры разглядзе наступнага пытання — аб прадастаўленні зямельных участкаў вяскоўцам — нібыта спецыяльна толькі на выканкаме агучана праблема з апрацоўкай зямельных участкаў насельніцтва КСУПам “Агра-Прыпяць”. У чым справа? Калі коратка, то людзі заключылі дагаворы на апрацоўку ўчасткаў, а гаспадарка ўмовы — як быццам — не выканала. А дзе ж былі актывісты сельвыканкама летам? Не бачылі, што КСУП “спіць”, “здзекуецца” з насельніцтва? Відавочна, што і яны “спалі”. А, як вядома, мясцовая ўлада павінна жыць заўтрашнім днём, быць на крок наперадзе. Вось чаму, прызнацца, вельмі “нецікава” было прысутнічаць пры “перакідцы” абвінавачвання ў адрас гаспадаркі, якое падтрымліваў старшыня сельвыканкама У. Атаманчук, а “падсудным” быў упраўляючы аддзяленнем “Агра-Прыпяць” А. Санюк. Няўжо гэтая праблема, калі яна існуе і хвалюе людзей, не магла быць вырашана раней? Пра яе ж А. Санюк (з яго слоў) пачуў толькі на гэтым прадстаўнічым пасяджэнні (ёсць прадстаўнікі раёна!) сельвыканкама. Гэта — няправільна.
Думаецца, што вось гэтае пытанне — другое па ліку — магло быць на пасяджэнні сельвыканкама галоўным: і праблемным, і запатрабаваным, бо хвалюе людзей. Пакуль яшчэ хвалюе. Дзякаваць Богу, ёсць яшчэ людзі, якія маюць здароўе і жаданне што-кольвечы вырасціць на гэтых зямельных надзелах. І, на жаль, іх становіцца ўсё меней. Нараджальнасць жа па сельсавету ніжэйшая ў два разы, чым смяротнасць. А вяселляў у некаторых вёсках сельсавета не было ўжо больш сямі гадоў. Дык не адбіць бы зусім ахвоту працаваць на зямлі!
З пасяджэння выканкама зрабіў яшчэ некаторыя высновы: трэба мясцовай уладзе прыкласці шмат намаганняў, каб здаровы лад жыцця стаў асновай усяго на вёсцы. Трэба, каб кожны тыдзень-другі ў вёсках ладзіліся спартыўныя святы, каб дзеці не сядзелі суткамі ў камп’ютарным “акне”, а бегалі на пляцоўцы з мячом. Пасля ж скажуць дзякуй, бо не будзе дылемы: хварэць ці ісці ў армію…
Пра тое, што актывісты сельвыканкама і яго кіраўнік ва ўсіх напрамках дзейнасці павінны быць на крок наперадзе, весці за сабой людзей, і на гэтым шляху не павінна быць дробязяў, гаварыў, дарэчы, і старшыня райвыканкама. І з гэтымі заўвагамі цяжка было не пагадзіцца. Дарэчы, Мікалай Какора праінфармаваў прысутных і аб сацыяльна-эканамічным становішчы раёна ў дадзены час. Сельвыканкам жа прыняў фактычна без змяненняў прапанаваныя рашэнні. Гэтаксама зацвердзіў план работы сельвыканкама на снежань бягучага года. Застаецца папаўняць яго “жывымі” справамі. Дзеля людзей.
У. МІКАЛАЕЎ.