Стаўка на пастаянныя заказы
У канцы верасня працоўны калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Пратон-М” разам з другімі прамысловымі прадпрыемствамі Жыткаўшчыны адзначыў сваё прафесійнае свята — Дзень машынабудаўніка. Дырэктар Ніна Рамановіч павіншавала рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў прадпрыемства з гэтым святам, уручыла грашовыя прэміі. Віншавальная тэлефонаграма прыйшла і з міністэрства прамысловасці нашай рэспублікі. І было за што: як паказвалі папярэднія падлікі, прагнозныя паказчыкі па асноўных накірунках прамысловай дзейнасці таварыства будуць паспяхова выкананы.
Так яно, як засведчыў пачатак кастрычніка, і сталася. Напрыклад, заданне па аб’ёму прамысловай прадукцыі, згодна запланаванага, за студзень-верасень 2009 года і было выканана на 112,5 працэнта. А вось па выпуску тавараў народнага спажывання яно перавыканана — замест запланаваных 112.5 працэнта выйшлі на 113,3 працэнта. Па прадукцыйнасці працы меркавалі выйсці на лічбу ў 105 працэнтаў. А фактычна атрымалася 106,3 працэнта. Выканана і заданне 3 кварталаў года па рэнтабельнасці — 4,5 працэнта. У сваёй паўсядзённай дзейнасці адміністрацыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі акцыянернага таварыства галоўную стаўку робяць на пастаянныя заказы, якія ў структуры выпуску дэталяў складаюць прыкладна 80 працэнтаў. І гэта ўпаўне зразумела, бо мець пастаянныя заказы — значыць працаваць на перспектыву, быць упэўненным у заўтрашнім дні. А сярод найбольш салідных партнёраў “Пратона” такія гіганты — спажыўцы беларускай сталіцы як трактарны завод, “Камунмаш”, “Амкадор”. Прадпрыемства ўвесь час імкнецца павялічыць наменклатуру сваіх вырабаў, пашырыць геаграфію паставак прадукцыі, набывае новыя станкі і абсталяванне. Толькі за апошнія 3 гады да работы ў цэхах падключылася новых 12 адзінак абсталявання, у тым ліку ў верасні два новыя такарныя станкі з лічбавым кіраваннем. А інакш без такіх пазітыўных зрухаў і не будзе патрэбнага паскарэння. Каліж ж размова заходзіць пра крызіс, то асноўны яго негатыўны вынік, як гаворыць Ніна Мікалаеўна, — гэта неплацяжы з боку прадпрыемстваў-спажыўцоў. І тым не менш зарплата тут па-ранейшаму выдаецца своечасова, а галоўны касцяк складаюць работнікі з немалым працоўным стажам і багатым вопытам работы. Сярод лепшых працаўнікоў калектыва металаапрацоўкі дырэктар называе токараў Івана Бурака, Сяргея Быкава, Уладзіміра Ліцкевіча,фрэзероўшчыка Мікалая Мацкевіча, токараў-рэвальвершчыкаў Алену Бандзюк, Марыю Крэпскую, інжынера па забеспячэнні Рыгора Саўчыца, начальніка вытворчасці Алену Шруб, намесніка дырэктара Васіля Матараса, галоўнага інжынера Фёдара Шруба і інш.
С. ВІЛЬЧЫК.