Плюс тэхнічнае пераўзбраенне
З годнасцю папрацавалі ў бягучым годзе работнікі ўсіх вытворчых падраздзяленняў адкрытага таварыства “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод”. Таму і працоўныя здабыткі калектыва важкія.
Так, за студзень-верасень 2009 года было выпушчана 74,4 тысячы тон брыкету, што склала 101,4 працэнта да леташняга паказчыка. Калі за 9 месяцаў 2008 года вытворчасць таварнай прадукцыі склала ў супаставімых цэнах 7658 мільёнаў рублёў, то ў бягучым годзе — 7854 мільёны — 102,6 працэнта.
Паспяхова ідуць тут справы і ў галіне экспарту сваёй прадукцыі за мяжу. За 3 кварталы года на экспарт было адгружана 33,1 тысячы тон торфабрыкетаў на 1558,5 тысячы долараў ЗША, у той час як за аналагічны перыяд 2008 года гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 27,2 тысячы тон і 1249,9 тысячы долараў ЗША. Такім чынам тэмпы росту склалі 124,7 працэнта. Вытрымліваюцца і планавыя паказчыкі па энергазберажэнні.
Расце і тэхнічны патэнцыял акцыянернага таварыства. За кошт інавацыйнага фонда ён папоўніўся аўтамабілем МАЗ, пагрузчыкам “Амкадор”, двума прэсамі і дзевяццю новымі вагонамі.
С. ВІЛЬЧЫК.