Знаёмства са Скарбніцай
Сапраўднае свята адбылося 15 верасня ў Чырвоненскай сельскай бібліятэцы. Яно было арганізавана для малодшых школьнікаў.
Справа ў тым, што першакласнікі ў Чырвоным вучацца ў памяшканні дзіцячага садка, а з 2-га класа ідуць у “вялікую” школу. Таму бібліятэка разам з настаўніцамі 2“а” і 2“б” класаў Н.Д. Купрацэвіч, В.А. Гвоздзева вырашалі правесці для дзяцей знаёмства са скарбніцай Кнігі.
У час правядзення свята “Дом, у якім жывуць кнігі” бібліятэкар распавёў вучням пра тое, адкуль да нас прыйшла кніга, як узніклі бібліятэкі. У гульнёвай форме была праведзена экскурсія, з якой дзеці даведаліся, што ў кожнай кніжкі ёсць свой дом і свая кватэра, дзе яны пастаянна жывуць, дзе можна знайсці кнігі аб жывёлах, казкі. Дзеці навучыліся выбіраць кнігі па алфавіту, прозвішчы аўтара і загалоўку кнігі. Актыўна і з захапленнем адказвалі на пытанні віктарыны “З якой гэта казкі?”.
Але самым цікавым момантам стала тэатралізаванае прадстаўленне, якое падрыхтавана ўдзельнікамі гуртка “Крынічка”, зусім нядаўна створаным пры Чырванаборскай сельскай бібліятэцы.
Проста выдатна з роляй Зайца ў казцы “Як Зайка-Хваста захацеў стаць чытачом” справілася Ірына Чарнагалова (5 клас Чырвоненскай школы), з роляй Мядзведзя — Вера Кот (5 клас), з роляй Ваўка — Марына Каток (4 клас), а ролю цёткі Вароны, якая высока лётае і ўсё ведае, вельмі ўдала выканала Марына Горбат (5 клас).
Напрыканцы мерапрыемства гульнёвую праграму правяла дырэктар Чырвоненскага Дома культуры Т.А. Макарэвіч. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях, конкурсах і засталіся вельмі задаволеныя.
Настаўнікі і вучні выказалі вялікую падзяку за добра падрыхтаванае, ціхае, карыснае мерапрыемства, выказалі пажаданне часцей арганізоўваць сумесную работу і прапанавалі бібліятэцы больш удзяляць увагі рабоце са школьнікамі. Мерапрыемства таксама наведаў старшыня Чырвоненскага сельскага Савета Л.І. Лясько.
Свята атрымалася такім прыгожым яшчэ і таму, што ў гэтым годзе ў Чырвоненскай бібліятэцы быў праведзены капітальны рамонт, пасля якога яна стала мець зусім іншы выгляд. Чыстае, светлае, прасторнае, з густам аформленае памяшканне вабіць вока кожнага наведвальніка.
Ад імя дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, іншых катэгорый чытачоў хочацца падзякаваць кіраўніцтву раёна, што з разуменнем ставіцца да культуры, а таксама аддзелу культуры, які накіраваў сродкі на рамонт нашай бібліятэкі. Добрыя, сумленныя, працавітыя жыхары пасёлка гэтага заслугоўваюць.
Т. ЧАРНАГАЛОВА, бібліятэкар Чырвоненскай сельскай бібліятэкі.