Жыццё вымяраецца справамі
Днямі адзін з лепшых аператараў машыннага даення Мікалай Якубоўскі адзначыў сваё шасцідзесяцігоддзе. Нават нягледзячы на гэты ўзрост, ён яшчэ гатовы папрацаваць на карысць роднай гаспадаркі. “Толькі б здароўе было, —зазначае Мікалай Іванавіч, — а так можна і папрацаваць.”
Чэрніцкая ферма, дзе вось ужо амаль сорак пяць гадоў працуе Якубоўскі, сустрэла звычайным рабочым рытмам. Жывёлаводы былі заняты сваімі будзённымі справамі.
— Нам бы з Мікалаем Іванавічам сустрэцца? — пытаемся ў першага сустрэчнага работніка.
— Ды толькі нядаўна бачыў яго. Можа, дзе ў памяшканні фермы. Спытайце там, — адказаў мужчына.
— Не, ён дома. Быў на сіласнай яме, дык перакусіць пайшоў, — падказала калега жывёлавода.
— А дом яго дзе знаходзіцца?
— Ды вось вуліцай налева ад фермы кіруйцеся, да самага канца. Там чатыры новыя домікі ўбачыце. З пафарбаванай агароджай і будзе Якубоўскага, — падказалі арыенцір на ферме.
Гаспадар хадзіў па падворку. — Вось толькі з фермы, нават не паспеў яшчэ і пераапрануцца, — нібы апраўдваўся ён за свой рабочы выгляд. — Сілас на ферме ў траншэю закладваюць, дык салому расцілалі на яме.
Разам з заклапочанасцю пра сваю працу на ферме на твары Мікалая Іванавіча можна было ўбачыць, што гасцям, хоць і нязваным, ён вельмі рады. Таму гутарка завязалася лёгка.
— Кветак у вас вельмі шмат на падворку. Хто гэта імі займаецца? — робім камплімент гаспадару.
— Ды ўсёй сям’ёй. І жонка, і я, і сыны, — зазначае Мікалай Іванавіч.
— А новы дом гаспадарка даўно выдзеліла, — распытваем цяпер ужо пра жыллёвыя ўмовы жывёлавода.
— Гады як чатыры жывем. Шмат чаго тут сваімі рукамі зрабілі. Але ўсё ж душа там, у старой хаце, бо гэты дом усё ж гаспадарчы. Хаця па выгодах і намнога лепшы. Усё ёсць: і вада гарачая, ацяпленне паравое і іншыя выгоды. Але ж не свой, ды і людзі розныя ёсць, думаюць, вось дарэмна такі дом атрымаў, — дзеліцца сваімі думкамі гаспадар.
— Дык заслужылі ж, каб гаспадарка паклапацілася пра свайго перадавога работніка?
— Магчыма і так, кіраўніцтву відней. Нараканняў на яго ў мяне няма, заўсёды дапамогуць, калі папрашу.
Толькі не вельмі любіць Мікалай Іванавіч прасіць. Больш на свае сілы спадзяецца. Ды яшчэ на сваю працавітасць і стараннасць. Сорак пяць гадоў ён працуе на чэрніцкай ферме. Прыйшоў туды яшчэ зусім, так бы мовіць, зялёным хлапчуком. Спачатку даглядаў цялят, а потым пачаў даіць кароў. Работа спадабалася, хаця ўсё больш рукамі рабілі. Гэта пазней на дапамогу жывёлаводам прыйшлі машыны і даільныя апараты. Але і яны не могуць поўнасцю замяніць чалавека. Пра сваю работу аператарам Якубоўскі можа многа расказаць, бо з фермай шмат яго звязвае.
— Сакрэтаў прафесійных шмат маеце за столькі гадоў, — пытаемся далей у гаспадара.
— Сакрэт у мяне адзін — старайся і працуй належным чынам, тады і поспех будзе, — адзначае аператар машыннага даення.
Сапраўды, поспехаў на вытворчасці ў Якубоўскага нямала. Аб гэтым сведчаць два ордэны Працоўнай Славы, якімі ўзнагародзілі Мікалая Іванавіча за плённую працу яшчэ ў савецкія часы. Ды ганаровых грамат самага рознага ўзроўню цэлы стос. Але не дзеля ўзнагарод ён працаваў. Яму заўсёды хацелася, каб каровы з яго групы з кожным годам прыбаўлялі ў надоі. Таму практычна дняваў і начаваў на ферме. Колькі груп рагуль прайшло праз клапатлівыя рукі гэтага рупліўца за гады яго працы на ферме!? Цяпер у некаторых гаспадарках можа і няма столькі пагалоўя. А колькі малака надаіў!? Сам Мікалай Іванавіч сцвярджае, што, каб усё зліць, то мора цэлае атрымаецца. Самы плённы год у працоўнай біяграфіі Якубоўскага быў мінулы. Амаль па шэсць тысяч кілаграмаў ад кожнай каровы са сваёй групы надаіў. Сёлета таксама настроены на высокі вынік.
— Канешне, вага надояў у многім залежыць ад аператара машыннага даення, але не патрэбна скідваць з рахунку і кармы. Цяпер яны і больш якасныя, і разнастайныя, а малако ў каровы менавіта на языку, — гаворыць жывёлавод.
Са спраў на вытворчую тэму гутарка зноў перайшла на жыццёвую. Таму паспрыяла жонка Мікалая Іванавіча, якая выйшла з хаты, каб паклікаць гаспадара па нейкай патрэбе. Пакуль мужчына вырашаў праблему, жонка ахвотна дзялілася з карэспандэнтамі раёнкі аб жыцці, як многа прыйшлося ім папрацаваць, каб давесці дом і тэрыторыю ля яго да ладу, пра клопаты на ўласнай гаспадарцы, дзе і як набывалі кветкі і садовыя дрэўцы, каб было прыгожа навокал. Не прамінула сказаць, што разам з Мікалаем Іванавічам яны жывуць у шлюбе ўжо больш сарака гадоў. Ды і сама некалі жанчына разам з мужам працавала на ферме. Далучылі да гэтага і сваіх сыноў. Праўда, цяпер хлопцы, хаця і працуюць на ферме (адзін — вартаўнік, другі — тэхнік-асемянатар), толькі дапамагаюць бацьку на дойцы.
— Усё ж сілы не тыя ўжо ў мужа, сам бы ён ці справіўся б з тым аб’ёмам, — расказвае жонка, — а з хлопцамі дык і рупіцца яшчэ.
Хутка з’явіўся і сам гаспадар. За невялікі час паспеў і пераапрануцца ўжо ў святочны касцюм. Нават памаладзеў.
Кажуць, чалавек — каваль свайго лёсу. Так, сваё жыццё Якубоўскі зладзіў сам. Яго жыццёвы шлях вымяраецца шматлікімі добрымі справамі. Можа не ўсё атрымалася так, як хацелася, не ўсе мары і задумы ўдалося здзейсніць. Але яшчэ ёсць час для гэтага, бо зноў жа кажуць, жыццё ў шэсцьдзесят толькі пачынаецца.
С. МІКАЛАЕЎ. Фота В. КІЖНЕВА.