У цэнтры ўвагі – дэмаграфічная сітуацыя

Пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў адбылося 11 верасня пад старшынствам Віктара Атліванава. У ліку чатырох пытанняў, якія былі вынесены для абмеркавання, найперш быў прааналізаваны стан дэмаграфічнай сітуацыі на тэрыторыі раёна і вёўся пошук шляхоў па яе стабілізацыі.


Тон у абмеркаванні гэтай надзвычай важнай праблемы задаў сам старшыня райсавета дэпутатаў. У прыватнасці, ён адзначыў, што сацыяльнае і эканамічнае развіццё грамадства напрамую звязана з узроўнем дэмаграфічнага развіцця. Віктар Атліванаў прывёў некаторыя статыстычныя звесткі, якія не могуць пакінуць раўнадушным нікога. Так, паўсюдна пануе меркаванне, што ў нас не хапае ўрачоў, аднак Беларусь займае 4 месца ў свеце па колькасці гэтых спецыялістаў на тысячу насельніцтва. За мінулы год 98 працэнтаў насельніцтва было ахоплена медыцынскімі аглядамі, аднак толькі 15 працэнтаў жыхароў краіны прыслухаліся да парад урачоў. Да таго ж, больш 60 працэнтаў на працягласць жыцця ў мінулым годзе ўздзеянне мелі знешнія фактары (лад жыцця, харчаванне, ужыванне якаснай вады і г.д.), да 10 працэнтаў -– медыцынскае абслугоўванне, па 7 працэнтаў -– спадчыннасць і экалагічныя праблемы. Сумная статыстыка і па няшчасных выпадках, суіцыду, атручванню сурагатнымі алкагольнымі напоямі. А гэта не можа не хваляваць органы ўлады і грамадскасць.


Аналітычнае паведамленне аб стане дэмаграфічнай сітуацыі на тэрыторыі раёна зрабіў галоўны ўрач раёна Канстанцін Грамак. У прыватнасці, ён адзначыў, што на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў назіраецца зніжэнне колькасці насельніцтва, толькі за перыяд 1999-2009 гадоў агульная колькасць насельніцтва раёна зменшылася на 6.406 чалавек і па стану на 1 жніўня складае 43.273 чалавекі. Узровень нараджальнасці за 7 месяцаў бягучага года вырас у параўнанні з мінулагоднім на 19 чалавек, усяго ж нарадзілася ў раёне 290 дзяцей. Аднак, на думку К. Грамака, прырост нараджальнасці, які назіраецца ў апошнія тры гады, абумоўлены дынамікай узроставага складу і таму не можа расцэньвацца як устойлівая тэндэнцыя стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Працяглае зніжэнне ўзроўню нараджальнасці прывяло да дэфармацыі ўзроставай структуры насельніцтва, якая праявілася вельмі высокім узроўнем дэмаграфічнага старэння.


Як сцвердзіў галоўны ўрач раёна, смяротнасць як дэмаграфічны паказчык не з’яўляецца непасрэдна кіруемым працэсам. Уздзеянне на яго заўсёды спалучана з доўгачасовымі медыцынскімі, сацыяльнымі і іншымі праграмамі. Паказчык агульнай смяротнасці за 7 месяцаў бягучага года ў раёне склаў 19,45 на адну тысячу насельніцтва, у той час як па вобласці ён ніжэйшы — 14,9. За гэты перыяд на Жыткаўшчыне памерла 491 чалавек, што на 17 чалавек болей мінулагодняга…


На пасяджэнні прэзідыума райсавета быў зроблены аналіз прычын смяротнасці насельніцтва. У выніку абмеркавання, у якім прынялі ўдзел галоўны санітарны ўрач раёна Л.Белка, адказныя асобы РАУС, аддзелаў райвыканкама, спецыялісты службаў, вызначана галоўная задача дзейнасці сістэмы аховы здароўя раёна і ўсіх раённых структур — паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Дзеля гэтага будзе забяспечаны штотыднёвы аналіз прычын смяротнасці насельніцтва на раённым узроўні з прыняццем канкрэтных мер па яе стабілізацыі і зніжэнню. Улічваючы значнасць адзначанай тэмы, прэзідыумам райсавета акрэслены шматлікія меры па зніжэнню захворванняў насельніцтва за кошт мерапрыемстваў па фарміраванню здаровага ладу жыцця, а таксама шляхам удасканальвання якасці лячэбна-прафілактычнай і медыцынскай рэабілітацыйнай дапамогі. У прынятым рашэнні адзначана шмат іншых захадаў па прафілактыцы захворванняў і прапагандзе ў насельніцтва аздараўленчых акцый. Гэтаксама адзначана неабходнасць актывізацыі работы псіхолагаў, у тым ліку ўвядзенне такой урачэбнай пасады ў ЦРБ, што наспела, а таксама агучана прапанова па будаўніцтву дарожак для веласіпедных аздараўленчых паездак у раённым цэнтры і ў буйных населеных пунктах раёна.


На прэзідыуме раённага Савета дэпутатаў разгледжана пытанне аб узнагароджванні Ганаровымі граматамі райсавета лепшых працаўнікоў Жыткаўшчыны. Прынята рашэнне аб скліканні і падрыхтоўцы дваццаць сёмай сесіі раённага Савета дэпутатаў дваццаць пятага склікання, якая пройдзе 18 верасня.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.