Мора цярпення, мудрасці, дабра, людскасці – гэта настаўнік, проста настаўнік…

Незабыўна, цікава і незвычайна 26 жніўня ў РДК прайшла традыцыйная жні-веньская нарада педагогаў раёна. Педагогі Жыткаўшчыны падводзілі вынікі мінулага года і ставілі задачы на новы навучальны год, а таксама разам адзначылі хвалюючае для ўсіх нас свята — пачатак навучальнага года. Звярнуліся нават да мультымедыйных тэхналогій… Удзел у вялікай і важнай гутарцы прынялі прадстаўнікі педагагічных калектываў агульнаадукацыйных школ, дашкольных і пазашкольных устаноў, працоўных калектываў, старшыні прафсаюзных камітэтаў устаноў адукацыі, ветэраны педагагічнай працы — усяго звыш 400 чалавек. Сярод ганаровых гасцей — старшыня Жыткавіцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Атліванаў, рэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Надзея Котава, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Аліфяровіч, галоўны рэдактар райгазеты Уладзімір Гаўрыловіч.


Пачатку жнівеньскай нарады папярэднічала сустрэча настаўнікаў-прадметнікаў, кіраўнікоў школ у файе раённага Дома культуры з фотаработамі аб родным краі і выставы дэкаратыўных пано на гэтую тэматыку. Удзельнікаў нарады не магла не зацікавіць уся гэта незвычайная прыгажосць: яна ж зроблена рукамі вучняў школ пад кіраўніцтвам іх настаўнікаў. А многія ж работы сапраўды неардынарныя…


І вось гучаць пазыўныя нарады…


Асноўныя моманты дзейнасці аддзела і ўстаноў адукацыі за 2008-2009 навучальны год і задачы па павышэнню якасці навучання і выхавання дзяцей на новы навучальны год былі адзначаныя ў дакладзе начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Ганны Лукашэвіч.


“Некалькі дзён засталося да новага навучальнага года, калі мы зноў прыступім да выканання непасрэднай функцыі, ускладзенай на нас дзяржавай — навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення, адзначыла кіраўнік аддзела адукацыі. Ззаду вялікая праца, праведзеная аддзелам і ўстановамі адукацыі па падрыхтоўцы ўстаноў да прыёму дзяцей па стварэнні неабходных умоў для атрымання імі якаснай адукацыі. Вызначаны і асноўныя шляхі наступнага ўдасканалення ўмоў і працэсаў навучання і выхавання дзяцей…”


Начальнік аддзела адукацыі спынілася на найбольш значных стратэгічных задачах сістэмы адукацыі, ад якіх залежыць стварэнне ўсіх умоў для паўнацэннага творчага і інтэлектуальнага развіцця маладога пакалення.


На думку А. Лукашэвіч, у раёне створана адзіная адукацыйная прастора, якая дазваляе выкананне Дзяржаўных сацыяльных стандартаў у дашкольнай адукацыі. Забяспечанасць месцамі складае 159% пры нарматыве 85%.


У дашкольных установах раёна ажыццяўляецца мэтанакіраваная праца па ўкараненні новых гнуткіх формаў дашкольнай адукацыі. Ва ўмовах развіцця спецыяльнага навучання аптымізуецца сетка спецыяльных груп. Так, на базе ясляў-садоў № 2 і № 5 г.Жыткавічы ў мінулым вучэбным годзе адчынены групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, павялічылася колькасць санаторных груп, функцыянуюць 2 інтэграваныя групы. Паспяхова рэалізуецца спектр паслуг сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці, якія не наведвалі дашкольныя ўстановы. Так, у летні перыяд працавалі групы кароткачасовага знаходжання без арганізацыі харчавання ў Дуброўскім, Людзяневіцкім, Чырванаборскім, Чырвоненскім і Верасніцкім дзіцячых садах. Функцыянавалі 3 адаптацыйныя пляцоўкі ў дзіцячых комплексаў № 1,2,3 г.Жыткавічы для дзяцей ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў. Дадзены від паслуг актуальны і запатрабаваны сярод бацькоў, і сёлета ўлетку дзве пляцоўкі прымалі дзяцей на платнай аснове.


Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі на сяле з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці аддзела адукацыі. Таму для забеспячэння максімальнага ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй ажыццяўляецца іх падвоз з блізкаразмешчаных населеных пунктаў у дзеючыя вучэбна-педагагічныя комплексы, дзіцячыя сады.Усё гэта паслужыла таму, што працэнт ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй за апошнія гады па раёне павялічыўся з 70% да 76%.


Дашкольныя ўстановы аказваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі праз гуртковую працу. У раёне арганізавана праца 60 гурткоў, з іх 10 працуюць на платнай аснове.


Асноўнай функцыяй дашкольнай адукацыі з’яўляецца ахова жыцця і ўмацаванне здароўя дзяцей, фарміраванне ў іх асноў здаровага ладу жыцця. Маніторынг здароўя дзяцей паказаў, што ў цэлым па раёне мае месца нязначнае павелічэнне ўзроўню захворвання. Высокім застаецца ўзровень захворванняў ў яслях-садзе № 5 г.Жыткавічы (8.3) і Тураўскім яслях-садзе (9.3). Сярод сельскіх — у Чырвоненскім яслях-садзе(12.5), Дуброўскім (10.6), Хваенскім вучэбна-педагагічным комплексе (10.5).


На вырашэнне праблемы захавання і ўмацавання здароўя дзяцей накіравана праца па стварэнні сеткі аздараўленчых груп. На базе 5 санаторных груп умацоўваюць сваё здароўе 84 дзіцяці.


Заслугоўвае ўвагі стварэнне належных умоў для правядзення прафілактычных аздараўленчых працэдур у дзіцячых комплексах № 1 і № 4 г. Жыткавічы, дзе шырока выкарыстоўваецца лячэбна- прафілактычны масаж, фізіятэрапеўтычнае лячэнне, лячэбная фізкультура.


Адзначаючы пазітыўныя змены ў развіцці сістэмы дашкольнай адукацыі раёна, Ганна Лукашэвіч пазначыла і тыя праблемы, якія існуюць, а адгэтуль і задачы, на якія патрэбна звярнуць пільную ўвагу. Была звернута ўвага на наступнае: нягледзячы на вялікую праведзеную працу, недастаткова развіта сетка спецыяльных груп для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таму ў новым навучальным годзе прыярытэтнай задачай будзе развіццё шматфункцыянальнай сеткі дашкольных устаноў у адпаведнасці з запытамі сям’і. Праведзены аналіз забяспечанасці дзіцячых устаноў сродкамі выхавання, навучання, дапаможнікамі, гульнямі і гульнявым абсталяваннем, камп’ютарнай тэхнікай, электроннымі сродкамі навучання, спартыўным інвентаром паказаў , што працэнт забяспечанасці па раёне склаў 46% (2007г.— 40%), гэты паказчык ніжэй абласнога на 13%. На думку начальніка аддзела адукацыі, рашэнне пазначанай праблемы патрабуе сістэмнага, комплекснага падыходу. З гэтай мэтай неабходна актывізаваць працу па прыцягненні пазабюджэтных крыніц фінансавання, шэфскай, спонсарскай дапамогі, накіраванай на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дашкольных устаноў.


Зыходзячы з патрабаванняў сённяшняга дня сістэма дашкольнай адукацыі павінна стаць гнуткай і мабільнай у аказанні шматфункцыянальных адукацыйных і аздараўленчых паслуг дзецям. Якія б пераўтварэнні, структурныя змены не адбываліся ў школе, на першым месцы заўсёды было і застаецца пытанне забеспячэння якасці навучання і выхавання школьнікаў. Вымяраецца яно шматлікімі параметрамі. Адзін з іх — канкурэнтаздольнасць вучняў. Ярка дэманструе неблагі ўзровень працы педагогаў раёна аналіз паступленняў дзяцей у гімназію, ліцэй, вышэйшыя навучальныя ўстановы, вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, удзел у розных алімпіядах і конкурсах — выніковасць мае станоўчую дынаміку. Гэта было адзначана пры разглядзе дзейнасці сістэмы агульнай адукацыі. Праца аддзела і ўсіх устаноў адукацыі была накіравана на стварэнне належных умоў для навучання і развіцця дзяцей і падлеткаў, павышэнне якасці адукацыі. Да таго ж 2008/2009 вучэбны год быў адзначаны значнай падзеяй — пераходам на 11-гадавы тэрмін навучання ў адпаведнасці з Дэкрэтам № 15 ад 17 ліпеня 2008г.


Як адзначыла Г. Лукашэвіч, важным паказчыкам якасці адукацыі з’яўляюцца выступы школьнікаў на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. А выніковасцю раён можа ганарыцца: у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды прымалі ўдзел 4 навучэнцы раёна, з іх дыпломам 1 ступені па геаграфіі ўзнагароджаны выпускнік САШ № 1 г.Жыткавічы Друк Анатоль, які на працягу трох гадоў заваёўваў дыплом 1 ступені заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.


Палепшыліся вынікі выступленняў раённай каманды на абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах сярод вучняў 4-8 класаў. Калі ў 2007/2008 вучэбным годзе вучні атрымалі 4 дыпломы, то ў 2008/2009 вучэбным годзе — 6.


Найбольш удала нашы рабяты выступаюць па вучэбных прадметах натуральна -навуковага цыклу (геаграфія, біялогія, хімія), нядрэнныя вынікі навучэнцы паказалі ў вобласці мовазнаўства (беларуская і нямецкая мовы), змянілася сітуацыя па вучэбным прадмеце гісторыя. Разам з тым, вось ужо на працягу апошніх 4-х гадоў раён не мае добрых вынікаў па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, астраноміі, грамадазнаўству, англійскай і рускай мовах. Пры гэтым нізкія вынікі рабяты паказваюць ужо на раённым узроўні, і па шэрагу прадметаў раённая каманда не выстаўляе прадстаўнікоў.


Не выпадкова на бягучы вучэбны год пастаўлена задача — палепшыць выніковасць алімпіяднага руху, што значна павышае адказнасць і работнікаў, якія арганізуюць алімпіядны рух, і настаўнікаў, якія рыхтуюць сваіх вучняў на алімпіяду.


З мэтай развіцця і падтрымкі школьнікаў да вывучэння шэрагу вучэбных прадметаў у раёне штогод арганізуецца ўдзел дзяцей у міжнародных і рэспубліканскіх інтэлектуальных конкурсах “Жураўлік”, “Каласок”, “Зубраня”, “Лінгвісцёнак”, “Інфармышка” — у мінулым вучэбным годзе колькасць жадаючых прыняць удзел у дадзеных конкурсах значна павялічылася.


У мэтах стварэння ўмоў, якія спрыяюць павышэнню ўзроўню адукаванасці навучэнцаў, развіццю іх здольнасцяў, інтэлектуальных і творчых магчымасцяў, пазнавальных інтэрасаў ва ўстановах адукацыі арганізавана дзейнасць вучняў па выкананні прац даследчага характару. Вынікі гэтай дзейнасці падводзяцца на штогадовай раённай даследчай канферэнцыі школьнікаў “Інтэлект будучыні”. Як было адзначана, у гэтым вучэбным годзе свае даследчыя працы прадставілі вучні не толькі гарадскіх школ, але і сельскія школы раёна (Чырвоненская, Чырванаборская, Хільчыцкая САШ).


Сёлета адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з таленавітай моладдзю — кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў з рук старшыні райвыканкама М.Какоры грант раённага выканаўчага камітэта за дасягнутыя вынікі на абласных і рэспубліканскіх інтэлектуальных, творчых і спартыўных мерапрыемствах. Удзел таленавітых школьнікаў у мерапрыемствах такога роду дазваляе ім убачыць значнасць сваёй дзейнасці, а такія мерапрыемствы стануць у раёне добрай традыцыяй.


Ганна Лукашэвіч закранула таксама пытанні павышэння якасці ведаў выпускнікоў і іх падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяд. Яна адзначыла, што на базе гімназіі, САШ № 1, 2, 3 г.Жыткавічы, САШ № 1,2 г.Турава працягвала працу вочна-завочная школа будучыні абітурыента “Эрудыт”. Пытанне падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання знаходзілася на персанальным кантролі кіраўнікоў устаноў. Аналіз сведчыць аб стабільнасці раённага паказчыку на працягу апошніх гадоў.


Размова таксама ішла і аб рэалізацыі эксперыментальных і інавацыйных праектаў.


На жаль, канстатавала начальнік аддзела адукацыі, вось ужо на працягу двух гадоў ва ўстановах адукацыі раёна інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца толькі на раённым узроўні ў рамках педагагічных ініцыятыў. Якасць адукацыі непарыўна звязана сёння і з актыўным укараненнем інфармацыйных тэхналогій.


Як падкрэсліла Г. Лукашэвіч, асоба настаўніка, яго актыўнасць вызначаюць поспех або няўдачу любых задач, пастаўленых перад школай, тым больш укараненні сучасных тэхналогій. Хоць ва ўстановах адукацыі праводзіцца праца па стварэнню школьных медыятэк, іх, аднак, наяўныя праграмныя прадукты выкарыстоўваюцца на ўроках неэфектыўна.


Безумоўна, усімі гэтымі працэсамі павінен актыўна кіраваць кіраўнік установы. У цяперашні час цяжка пераацаніць яго ролю. Жыццё патрабуе новых падыходаў у кіраванні калектывам. Добры кіраўнік сёння — гэта і ідэйны лідар, і менеджар, і арганізатар адукацыйнага працэсу…


Значная ўвага ў выступленні начальніка аддзела адукацыі была ўдзелена тэме аховы дзяцінства.


У мінулым вучэбным годзе працягвалася мэтанакіраваная праца аддзела і ўстаноў адукацыі па забеспячэнні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на атрыманне адукацыйных паслуг у адпаведнасці з іх пазнавальнымі магчымасцямі. У раёне 325 дзяцей дадзенай катэгорыі. Большасць з іх навучалася і атрымлівала карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў агульнаадукацыйных установах, дзе ў 42 інтэграваных класах навучаліся 56 дзяцей . Акрамя таго 47 дзяцей наведвалі 2 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі на базе САШ № 1 г.Жыткавічы і САШ № 2 г.Турава. У спецыяльных лагапедычных групах дашкольных устаноў атрымалі карэкцыйную дапамогу 93 дзіцяці. У цэнтры карэкцыйна-развіваючга навучання і рэабілітацыі займаліся 14 дзяцей. Рэалізуюцца мерапрыемствы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі.


Аддзелам адукацыі праводзіцца значная праца па абароне дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў. У раёне пражывае 169 дзяцей дадзенай катэгорыі. Працягваецца праца па развіцці сямейных формаў выхавання дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў. У бягучым годзе адчынены 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу за кошт сродкаў замежных партнёраў. Адзін з іх размешчаны ў г.Жыткавічы, у якім выхоўваецца 8 дзяцей ад 16 да 18 гадоў, былыя выхаванцы Жыткавіцкай школы-інтэрнат. Другі дзіцячы дом адчынены ў вёсцы Вільча, дзе выхоўваецца 6 дзяцей ад 8 да 12 гадоў. У цяперашні час вядзецца сумесная праца з замежнымі партнёрамі па адкрыцці трэцяй такой установы сямейнага тыпу ў г.Жыткавічы. Дадзеная праца дае магчымасць вызначыць дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў на сямейныя формы выхавання, а не накіроўваць іх у інтэрнатныя ўстановы.


У аддзеле адукацыі арганізаваны ўлік дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. У цяперашні час на ўліку знаходзяцца103 дзіцяці дадзенай катэгорыі, якія пражываюць у 47 сем’ях. Але, як адзначалася, праца устаноў адукацыі па ўхіленні, так скажам, сямейнага няшчасця патрабуе паляпшэння.


У 2008/2009 вучэбным годзе ў сацыяльным прытулку прайшло рэабілітацыю 41 дзіця. У выніку мэтанакіраванай працы з дзецьмі і бацькамі ў біялагічныя сем’і вернуты 22 дзіцяці.


Праца па выкананні патрабаванняў Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006г. № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” праводзіцца на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння са ўсімі зацікаўленымі службамі. Рашэннем камісіі па справах непаўналетніх у гэтым вучэбным годзе адабраныя ў бацькоў 30 дзяцей. У выніку агульных намаганняў, працы з сям’ёй 15 дзяцей вернутыя ў біялагічныя сем’і. Бацькі 5 дзяцей пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.


Арганізаванае спагнанне з бацькоў сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні…


Немалая ўвага ў дакладзе таксама была ўдзелена і выхаваўчай рабоце.


Галоўнай мэтай, пастаўленай перад сістэмай адукацыі раёна, з’яўлялася фарміраванне цэласнай выхаваўчай сістэмы раёна, здольнай забяспечыць стабілізацыю і паніжэнне дзіцячай і падлеткавай злачыннасці і безнагляднасці, накіраванай на грамадзянска-патрыятычнае і ідэйна-маральнае выхаванне навучэнцаў.


У сувязі з ростам дзіцячай злачыннасці ў 2008 годзе на 25,9 % установамі адукацыі актывізаваная праца па арганізацыі занятасці вучняў у вольны ад вучобы час. У гуртках, спартыўных секцыях было занята 91,7 % навучэнцаў. З улікам матэрыяльна-тэхнічных і кадравых магчымасцяў арганізаваны гурткі разнастайных напрамкаў. З мэтай прыцягнення вучняў да добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі ў кожнай школе былі створаны гурткі па кветкаводству і ландшафтнаму дызайну. Практычна ў кожнай школе працавалі гурткі альбо факультатывы краязнаўчага кірунку, якія досыць актыўна займаліся даследчай краязнаўчай працай. Юныя краязнаўцы прымалі актыўны ўдзел у раённай акцыі “Песню матчыну шануем і зберажом”, фестывалі фальклорных калектываў “Шануем спадчыну сваю “. Праграма развіцця дзіцячай танцавальнай культуры ў Гомельскай вобласці азначылася вызначаным рухам у навучанні старшакласнікаў вальсу. Гарадскі конкурс на лепшае выкананне вальса яшчэ раз пацвердзіў, што дадзены накірунак працы запатрабаваны і патрабуе наступнага развіцця. Найболей мэтанакіравана ў дадзеным напрамку папрацавала САШ № 3 г.Жыткавічы.


Як канстатавала Г. Лукашэвіч, ёсць неабходнасць звярнуць увагу на арганізацыю індывідуальнай працы з творча адоранымі вучнямі. Не практыкуецца правядзенне творчых вечароў юных паэтаў, практычна не праводзяцца персанальныя выставы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў, вечары сямейнай творчасці. Не дастаткова выкарыстоўваецца патэнцыял школьных творчых конкурсаў і фестываляў, якія з’яўляюцца добрым спосабам выяўлення і развіцця творчых здольнасцяў вучняў, павышэнні аўтарытэту таленавітых дзяцей сярод аднагодкаў…


Становішча з дзіцячай злачыннасцю, як адзначыла Г. Лукашэвіч, застаецца вострым і патрабуе павышанай увагі і мэтанакіраванай прафілактычнай працы педагагічных калектываў.


Кіраўнік аддзела адукацыі зрабіла шырокі агляд стану фізічнай культуры і спорту, а таксама кадравай работы і вучэбна-матэрыяльнай базы.


Нягледзячы на вядомыя эканамічныя праблемы, адзначыла начальнік аддзела адукацыі, урад рэспублікі прыняў рашэнне аб апераджальным фінансаванні аб’ектаў адукацыі ў неабходных аб’ёмах для своечасовай падрыхтоўкі да новага вучэбнага года. Ва ўмовах цвёрдага бюджэтнага фінансавання адшукваліся дадатковыя магчымасці для развіцця вучэбна-матэрыяльнай базы галіны. Нараўне з пазабюджэтнымі сродкамі, бацькоўскімі ахвяраваннямі, ўласнымі сродкамі работнікаў школ , сёлета атрыманы і малыя гранты Глабальнага экалагічнага фонду ў суме 55436 дал. ЗША. У цэлым, на рамонтныя працы выдаткавана 1270 млн.рублёў. У выніку рэканструкцыі 1 верасня адкрые свае дзверы Верасніцкая САШ…


Праведзеная праца ацэньвалася камісіямі па прыёмцы вучэбна-выхаваўчых устаноў да пачатку вучэбнага года. У выніку ўсе аб’екты адукацыі, за выключэннем Хільчыцкай САШ, гатовы прыняць дзяцей 1 верасня. Школа ў вёсцы Хільчыцы рашэннем выканкама выведзеная з эксплуатацыі, і ў 4 квартале бягучага года пачнецца будаўніцтва новай школы.


Кіраўнік аддзела адукацыі, завяршаючы сваё выступленне, пажадала высокіх вынікаў дзейнасці, творчасці і натхнення, каб кожнае дзіця як у дзіцячым садзе, так і ў школе з радасцю навучалася і развівалася на працягу ўсяго адукацыйнага працэсу. А выкананне пастаўленых задач залежыць ад кожнага педагога асабіста, яго энергіі, волі, інтэлекту, інтуіцыі, здольнасці бачыць перспектывы, прымаць узважаныя і прадуманыя рашэнні.


Педагог сёння не проста настаўнік, але і проста чалавек, які адкрывае для дзіцяці дзверы ў будучыню. Менавіта ад яго працы залежыць, якім грамадзянінам і чалавекам вырасце сучасны школьнік. А з якім настроем настаўнік уваходзіць у клас, у многім залежыць ад яго паўсядзённага жыцця і працы. Пра гэта гаварыў у сваім выступленні старшыня Жыткавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Пётр Кальцоў. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза не перастаюць хваляваць праблемы аплаты працы работнікаў сістэмы адукацыі: павышэнне заработнай платы толькі на 5 працэнтаў у студзені бягучага года не можа задаволіць педагагічнага работніка. Звернута таксама ўвага на прынцыповую нязгоду прафсаюзаў у сувязі са зніжэннем працягласці водпускаў асобным катэгорыям работнікаў.


Пётр Кальцоў адзначыў, што дзякуючы ўвазе раённага кіраўніцтва і асабіста старшыні райвыканкама М.Какоры, адбылося шэраг значных падзей, якія мелі дачыненне да педагагічнай грамадскасці. Сярод іх — ушанаванне вучняў і педагогаў, якія дасягнулі выдатных вынікаў у розных накірунках навучання і выхавання, атрыманне сельскімі настаўнікамі кватэр, правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў устаноў адукацыі і добраўпарадкавання.


Старшыня прафсаюзнай раённай арганізацыі акцэнтаваў увагу і на кадравым забеспячэнні ўстаноў адукацыі ў кантэксце рэалізацыі Дэкрэта №15 “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі” ў частцы захавання на рабочых месцах тых работнікаў, якія маюць вялікі педагагічны вопыт, хто сваёй шматгадовай дзейнасцю на ніве адукацыі заслужыў права не толькі працаваць у новых умовах, але перасцерагчы ад непрадуманасці, папярэдзіць магчымыя негатывы ў новых падыходах, падказаць аптымальныя шляхі вырашэння праблем, якія з’яўляюцца ў сістэме адукацыі.


Крытыкаваў П. Кальцоў і ўсталяваную ў вобласці сістэму тэставання настаўніцтва: “экзаменаваць неабходна студэнтаў старэйшых курсаў педагагічных вну, каб праверыць, якога будучага настаўніка атрымае школа і скарэкціраваць падрыхтоўку спецыяліста…”, а таксама вёў размову аб удасканаленні калектыўна-дагаворнага рэгулявання ва ўстановах адукацыі, аховы працы, ажыццяўлення грамадскага кантролю на месцах па паляпшэнню ўмоў працы. Прымаемыя меры, на яго думку, дазваляюць іх палепшыць, надаць установе больш эстэтычны выгляд. У гэтым годзе калектыў ясляў-сада №4 г. Жыткавічы стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае санітарна-бытавое забеспячэнне працуючых у сістэме адукацыі вобласці. Кіраўніцтва прафсаюзнай раённай арганізацыі хвалюе праблема і выдаткавання ўласных сродкаў педагагічных работнікаў на ўмацаванне матэрыяльнай базы школ — сёлета звыш 42,6 мільёнаў рублёў. А заробак работнікаў школы далёкі ад ідэалу…


П. Кальцоў таксама спыніўся на спартыўных дасягненнях раённай настаўніцкай сям’і, а таксама праблемах аздараўлення работнікаў устаноў адукацыі і іх дзяцей, прывітаў маладых спецыялістаў і пажадаў далейшага плёну ўсім педагогам раёна.


Як і належыць на такой нарадзе, было шмат цікавых выступленняў педагогаў, якія сталі своеасаблівым абмеркаваннем і дапаўненнем даклада кіраўніка аддзела адукацыі. Мінулы год быў асаблівым: школы раёна працавалі ва ўмовах рэалізацыі Дэкрэта №15 Прэзідэнта Беларусі. Пра станоўчыя вынікі ў сваёй працы падзялілася з калегамі дырэктар гімназіі г. Жыткавічы Людміла Катвіцкая. У сучасных умовах дашкольная адукацыя набыла асаблівую актуальнасць, бо з’яўляецца першай ступенню выхавання і развіцця дзяцей — сваімі набыткамі падзялілася выхавальнік ясляў-сада №3 г. Жыткавічы Вольга Шчур. А аб перспектывах развіцця сістэмы пазашкольнага выхавання расказала дырэктар Дома дзіцячай творчасці Святлана Друк.


Нефарматна прайшоў мультымедыйны паказ—завочная экскурсія ў мінулы год. Затым адбылося ўшанаванне 23 ветэранаў педагагічнай працы. З экрана ў залу зірнулі знаёмыя твары — выдатныя, разумныя, мудрыя асобы педагогаў, а школьнікі адшуквалі іх у зале і дарылі кветкі.


На змену ветэранам прыходзяць маладыя спецыялісты. 36 з іх атрымалі першае рабочае месца ў нашым раёне. Вядучыя нарады з задавальненнем запрасілі на сцэну ўсіх новых членаў педагагічнай супольнасці раёна. Іх прывітала і дала наказ верна служыць сваёй справе паважаны ў нашым раёне педагог, які аддаў 39 гадоў справе выхавання моладзі, Марыя Міхайлаўна Юрэвіч, настаўніца гісторыі САШ №2 г. Турава. Яна ж ўручыла маладым спецыялістам чарадзейны ключык ад чароўнай дзверцы, імя якой “дзяцінства”. У сваю чаргу падзякавала ўсім прысутным за цёплы прыём ў настаўніцкую сям’ю Марыя Шэндэр, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Жыткавічы.


І зноў у памяці ажылі самыя яркія падзеі з школьнага жыцця — з цёплымі, светлымі і кранальнымі словамі да ўдзельнікаў жнівеньскай нарады і маладых педагогаў звярнуліся юныя выхаванцы — дзеці.


… Другая частка нарады пачалася з віртуальнага Дзённіка дасягненняў і пажаданнямі, каб новы навучальны год быў і ўдачлівым, і пладатворным. Цікавым было і мультымедыйнае бліц-апытанне педагогаў аб іх разуменні задач сённяшняй школы, навучальнага і выхаваўчага працэсу.


У рамках нарады адбылася традыцыйная цырымонія ўшанавання лепшых педагогаў устаноў адукацыі раёна 2008-2009 навучальнага года “Залаты званок”. Узнагароды (таксама згодна з традыцыяй) уручалі кіраўнікі аддзелаў райвыканкама Н. Макарэвіч, М.Зубко, Л. Валатоўскі, начальнік аддзела адукацыі Г. Лукашэвіч, в.а. першага сакратара БРСМ Ж. Савосценка, галоўны спецыяліст аддзела культуры М. Кішкурно, раённы ваенны камісар М.Акунец. Лепшымі педагогамі мінулага навучальнага года прызнаны: Любоў Палякова, выхавацель цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Валерый Занкевіч, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі САШ №3 г. Жыткавічы, Вольга Марозава, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі, Таццяна Кузьміч, дырэктар САШ №4 г. Жыткавічы, Ларыса Пісанік, настаўніца музыкі САШ №3г. Жыткавічы, Святлана Корж, музычны кіраўнік ясляў-сада №3 райцэнтра, Ганна Дземідовіч, выхавацель ясляў-сада №4, Наталля Бруй, педагог-арганізатар САШ №3 г. Жыткавічы, Валянціна Мятава, настаўніца біялогіі гімназіі, Людміла Маслава, настаўніца біялогіі САШ №1 г. Жыткавічы. За падтрымку і дапамогу ў развіцці сістэмы адукацыі адзначана начальнік упраўлення па занятасці, працы, сацыяльнай абароне Наталля Макарэвіч.


Як і належыць на вялікім свяце, было шмат віншаванняў. Добрыя словы педагогам выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Атліванаў , рэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Надзея Котава. Яны, а таксама начальнік аддзела адукацыі Г. Лукашэвіч ўручылі лепшым педагогам Жыткаўшчыны заслужаныя ўзнагароды.


На пачатку новага навучальнага года лепшым педагогам горада і раёна былі ўручаныя граматы і падзякі аддзела адукацыі райвыканкама, упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Сярод уладальнікаў высокіх узнагарод — настаўнік геаграфіі САШ №1 г. Жыткавічы Віктар Жыгала, якому ўручана грашовая прэмія Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, а таксама: выхавацель Дуброўскага дзіцячага сада Е. Макарэвіч, настаўніца нямецкай мовы САШ №3 райцэнтра Наталля Арэхава, настаўніца пачатковых класаў САШ №2 г. Жыткавічы Ірына Яновіч, выхавацель ясляў-сада №5 Алена Блоцкая, выхавацель ясляў-сада №1 г. Жыткавічы Надзея Акунец, настаўніца рускай мовы і літаратуры Кольненскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Наталля Грамыка, настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Пашэвіч, настаўнік фізічнай культуры САШ №2 г. Турава Іван Тачыла, настаўніца беларускай мовы і літаратуры САШ№1 г. Турава Жана Русая, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ларыса Мі-левіч, дырэктар Юркевіцкай САШ Васіль Нямчэня.


Прафсаюзныя ўзнагароды розных узроўняў ўручыў і старшыня Жыткавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі П. Кальцоў — адзначаны пярвічная прафсаюзная арганізацыя ясляў-сада №4 г. Жыткавічы (пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшае санітарна-бытавое забеспячэнне), старшыня прафкама САШ №1 г. Жыткавічы Ганна Сарычава, старшыня прафкама Браніслаўскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-базавая школа Галіна Таболіч.


Кранальны і ўражлівы момант нарады — дэфіле дзелавога стылю адзення для школьнікаў — пераканаў яшчэ раз, наколькі шматгранная і цікавая школьная мода, як яна рухаецца наперад. Парад дзелавога стылю адзення сустрэты, як і музычныя нумары, што былі падораны героям і ўдзельнікам нарады, адзначаным лепшым педагогам, ветэранам педагічнай працы, што пакідаюць сёлета настаўніцкую дзейнасць і тым, хто ўпершыню ў ролі настаўніка пераступіць школьны парог, былі сустрэты апладысментамі.


Нарада педагогаў раёна завяршылася сімвалічным школьным званком, які паведаміў аб пачатку новага этапу нашага жыцця, аб прыбліжэнні новага навучальнага года з яго радасцямі і трывогамі, поспехамі і няўдачамі, буднямі і святамі… Справаздачу падрыхтавалі


У.МІКАЛАЕЎ, В. КІЖНЕЎ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.