Заставацца і надалей надзейнымі партнёрамі

Планёрка, якая пачынаецца ў машынна-трактарным парку адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс” у 7 гадзін, носіць заўжды, як правіла, дзелавы характар і гранічна ўшчыльнена па часе. Не да доўгіх, пустазвонных размоў зараз, у гэты гарачы час, калі лета мінула свой зеніт, нарастае з кожным днём напружанне на жніве. Не за гарамі верасень, а ўвосень, як вядома, работ восем… І яе, гэтую планёрку, вось ужо з канца мая праводзіць галоўны інжынер, выконваючы цяпер абавязкі дырэктара ААТ “Жыткавічыхімсервіс” Аляксандр Собалеў. Кароткія, кампетэнтныя пытанні, дзелавыя, вычарпальныя адказы. Заўвагі, патрабаванні, прапановы, планы…


— Я ў гэтым калектыве працую звыш дваццаці гадоў, таму, як кажуць, і карты ў рукі, — знаходзіць пасля планёркі час для гутаркі Аляксандр Серафімавіч. — Толькі кіраўніцтва маё прыпала, на вялікі жаль, на няпросты час, бо не параўнаць фінансавае становішча калектыва ў мінулым годзе і ў бягучым. Яно істотна пагоршылася. Дастаткова сказаць, што 60 працэнтаў бюджэтных работ было перанесена на чацвёрты квартал года. І тым не менш працуем без выхадных, стараемся заставацца і надалей надзейнымі партнёрамі сельгаспрадпрыемстваў раёна па нашай сумеснай рабоце ў аграпрамысловым комплексе. Адвозім зерне новага ўраджаю, праводзім вапнаванне глебы, уносім у яе мінеральныя ўгнаенні, рыхтуем грунты, працягваем нарыхтоўку сапрапеляў, прымаем тукі ўжо на рахунак 2010 года.


Адзін з прыярытэтных накірункаў у рабоце акцыянернага таварыства — нарыхтоўка сапрапелю са дна возера Чырвонае. Начальнікам участка па намыву і нарыхтоўцы гэтага каштоўнейшага віду ўгнаенняў вось ужо адзінаццаты год працуе Сяргей Купрацэвіч. У яго падначаленні — васемнаццаць чалавек, у ліку якіх 4 машыністы земснарадаў, 5 трактарыстаў-машыністаў, электрыкі, рабочыя чэкаў, вартаўнікі. Работу ўчастка робіць манеўранай, аператыўнай і высокаэфектыўнай той фактар, што пераважная колькасць працуючых жыве ў вёсцы Дуброва, па два — у суседніх вёсках Замошша і Марохарава. Сезон нарыхтоўкі карыснага глею возера Чырвонае звычайна пачынаецца ў маі і доўжыцца да лістапада.


Работнікі ўчастка манеўруюць у залежнасці ад умоў надвор’я. Калі, скажам, стаіць цёплае, сонечнае надвор’е, адчувальна награваюцца маторы, то намыў ідзе ў пераважнай большасці раніцай і вечарам, а нарыхтоўка сыравіны з 8 гадзін раніцы і да вечаровай расы. У такія спрыяльныя дні ў сярэднім намываюць да 300 — 400 тон чыстага сапрапелю. А пасля наступных чатырох аперацый — фрэзеравання, варашэння, валкавання і ўборкі — яны складзіруюцца ў бурты. Пры добрым надвор’і назапашваецца за светлавы дзень да 250 тон каштоўнейшых угнаенняў. І ўсё гэта дзякуючы прафесіянальнай, зладжанай рабоце трактарыстаў-машыністаў Анатоля Купрацэвіча, Леаніда Макарэвіча, Генадзя Купрацэвіча, машыністаў земснарадаў Васіля Сінгаеўскага, Леаніда Аліфяровіча, электрыка Уладзіміра Марозава і другіх.


Як зазначыў у час размовы Аляксандр Собалеў, ставіцца задача мець замест паўтарагадавога аж двухгадавы запас сапрапелю, якія карыстаюцца шырокім і стабільным попытам у шматлікіх пакупнікоў. Дастаткова адзначыць, што сапрапелі ў чыстым выглядзе — незаменны кампанент для прыгатавання буравых раствораў у вытворчым аб’яднанні “Беларуснафта”, у акцыянерных таварыствах “Прамбурвод” гарадоў Гродна, Гомеля, Віцебска, Магілёва, у беларускіх геолагаразведвальных экспедыцыях. Да таго ж, згодна заказаў, рыхтуюцца грунты для мінскай фірмы “Форт-Эко”.


З пачатку года сіламі механізатараў акцыянернага таварыства было правапнавана паўтары тысячы гектараў глебы, на 5 тысячах гектараў унесены ў глебу мінеральныя ўгнаенні. Сельгаспрадпрыемствы Жыткаўшчыны забяспечваюцца таксама адсюль соллю, мелам, вапнаю, у час жніва быў завезены шпагат, набыта плёнка.


Мінулым летам у спадчыну ад рэфармаванага сельгаспрадпрыемства “Грэбянёўскі” акцыянернаму таварыству дасталіся свінаферма ды 566 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 280 гектараў ворыва. З 400 галоў свінаматак і парасят ферма цяпер вырасла да 650 галоў. Для продажу парасят вывозілі на рынак, у вёскі. Выручка ад рэалізацыі працукцыі свінафермы ў бягучым годзе ўжо склала 9,3 мільёна рублёў. Набыта новая тэхніка: кукурузная сеялка, здрабняльнік зялёнай масы, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, агрэгат для падкормкі кукурузы. Захаваны калектыў у саставе 115 чалавек. Акцыянернае таварыства думае працаваць, жыць і развівацца.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.