Няхай з гадамі сэрцы не старэюць

7 жніўня ва ўпрыгожаную па-святочнаму актавую залу цэнтральнай раённай бальніцы адразу пасля абеду дзверы практычна не зачыняліся. З гадзіну сюды заходзілі людзі з радаснымі ўсмешкамі, цёпла віталіся з прысутнымі ў памяшканні, рассаджваліся за накрытымі салодкімі сталамі. Яшчэ, што адразу кінулася ў вочы, многія з прыйшоўшых трымалі ў руках прыгожыя вялікія букеты. Сапраўды, было шмат кветак, а гэта першае сведчанне таго, што медыкі сабраліся для віншавання вельмі заслужаных людзей. Як паказаў далейшы ход падзей, так яно і сталася.


Кіраўніцтва ЦРБ у асобе галоўнага ўрача Канстанціна Грамака, яго намесніка па ідэалагічнай рабоце Уладзіміра Зін-чанкі, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ЦРБ Ніна Махнач, былыя работнікі-ветэраны ўстановы, цяперашнія спецыялісты, запрошаныя госці сабраліся, каб павіншаваць медыкаў-ветэранаў з іх юбілеямі. Вядучыя прыгожым вершаваным словам, песняй вітаюць віноўнікаў урачыстасці, зычаць ім шчасця і даўгалецця, здароўя, не старэць душой. Пасля чаго называецца прозвішча першай юбіляркі — Веры Васільеўны Прытыкоўскай.


Не адразу яна стала медработнікам. Вясковая дзяўчына пэўны час перад тым, як працаўладкавацца ў медустанову, была рабочай у ДБУ-21. Потым перайшла працаваць у тубдыспансер Жыткавіцкай бальніцы. Як адзначалі вядучыя, у яе былі тут добрыя настаўнікі, якія дапамаглі ў асваенні прафесіі. Далей Вера Васільеўна шчыравала ў хірургічным і радзільным аддзяленнях. З апошняга пайшла на заслужаны адпачынак. Пра жанчыну цяпер успаминаюць як пра добрасумленнага і стараннага работніка, які дбайна выконваў свае прафесійныя абавязкі. Цяпершанія спецыялісты аддзялення цёпла павіншавалі жанчыну з юбілеем і ўручылі ёй шмат кветак і падарунак.


Яшчэ не паспелі растварыцца ў зале словы пажаданняў першай юбілярцы, астыць гарачыя пацалункі, высахці слёзы радасці, як вядучыя выклікалі для віншавання медсястру Ніну Піліпаўну Мірановіч. Ей давялося працаваць пасля заканчэння двухгадовых курсаў медсясцёр у Жыткавіцкім і Вільчанскім дзіцячых дамах, падмяняла на час водпуску работніка ў Вятчынскай участковай бальніцы. Але ж стала працаўладкавалася ў Жыткавіцкім тубдыспансеры. Больш за 35 гадоў аддадзена Нінай Піліпаўнай сістэме аховы здароўя раёна. За сваю працу мае шмат узнагарод і падзяк, але для яе самае галоўнае -– пашана калег і тых, каго лячыла. Першыя на гэтым свяце побач, і ад іх у адрас юбіляркі гучыць шмат віншаванняў, дарацца букеты. Асабліва пранікнёнымі былі словы Ніны Махнач, якая не адзін год працавала з Нінай Мірановіч.


Не іначай як карыфеем медыцыны, найпрыгажэйшай і найдабрэйшай жанчынай была прадстаўлена вядучай яшчэ адна юбілярка – Галіна Аляксееўна Дыбаль. Былы ўрач акушэр-гінеколаг, урач-рэнтгенолаг, галоўны ўрач бальніцы. Сорак гадоў -– такі яе працоўны стаж у сістэме аховы здароўя Жыткаўшчыны. За гэты час шмат карыснага яна зрабіла для яе развіцця. Менавіта пры яе кіраўніцтве ўстановай быў распрацаваны праект і закладзены фундамент чатырохпавярховага лячэбнага корпуса. Але ж больш за ўсё Галіну Аляксееўну памятаюць як высокапрафесійнага ўрача акушэра-гінеколага. Колькім людзям выратавала яна жыццё і падаравала радасць , выконваючы свой пачэсны прафесійны абавязак. Не раз ёй прыходзілася працаваць у самых складаных умовах. І да гэтага часу ёй на памяць прыходзіць выпадак, калі ў адной з глухіх вёсак ленінскай зоны яна дапамагала парадзісе пры святле керасінавай лямпы. Але справілася яна з гэтым проста выдатна. Выратавала маці і дзіця.


А вось яшчэ адзін выпадак. У аддзяленне паступіла цяжарная жанчына. Пасля абследавання Галіна Аляксееўна вырашае: пацыентцы неабходна аперацыя. Бліскуча яе праводзіць, і пасля некалькіх гадзін працы ўрача на свет з’явіліся два хлопчыкі-асілкі вагой больш трох кілаграмаў кожны. Іх маці і цяпер удзячна ўрачу Дыбаль. Жанчына знайшла час, каб прыйсці на мерапрыемства і асабіста павіншаваць з юбілеем Галіну Аляксееўну. Колькім жанчынам дапамагла за гады сваёй працы Галіна Аляксееўна!… А дабро, як кажуць, не забываецца. Пацыенткі заўсёды называлі яе ласкава “Наша Галінка”. Таму і віталі прысутныя юбілярку стоячы, гарачымі апладысментамі, шмат выказалі ёй слоў удзячнасці і павагі не толькі калегі-медыкі, але і суседка. Галоўнаму ўрачу ЦРБ Канстанціну Грамаку пасля ўсяго, што адбылося, толькі і засталося, што далучыцца да ўсіх віншаванняў і пажаданняў ды ўспомніць, што і ён некалі, як і многія цяперашнія медыкі, многае ў прафесіі пераняў ад Галіны Аляксееўны. Таксама Канстанцін Сяргеевіч пажадаў, каб у такой жа цёплай і ўрачыстай абстаноўцы адзначаліся і будучыя юбілеі гэтых медработнікаў.


Далей прысутныя на мерапрыемстве за шклянкай гарбаты, салодкім пірагом і іншымі ласункамі ўспаміналі пра сваё жыццё, сваю працу, пра былых калег і сяброў, жартавалі. Няхай з гадамі сэрцы не старэюць. Так значылася на адным з плакатаў, якім арганізатары ўпрыгожылі залу. Такія мерапрыемствы ў значнай ступені і садзейнічаюць гэтаму, бо тут людзі атрымліваюць толькі станоўчыя эмоцыі і пачуцці. А яшчэ — мацнеюць сяброўскія стасункі.


С. МІКАЛАЕЎ. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.