Нялёгкія выпрабаванні меліяратараў

У структуры сельгасугоддзяў на тэрыторыі нашага раёна меліяраваныя землі займаюць больш палавіны плошчаў. І менавіта дзякуючы догляду за імі штогод забяспечваецца важкі валавы збор прадукцыі раслінаводства. Бо зямлю не падманіш: па меры ўкладанняў будзе і аддача.


А працаваць работнікам унітарнага прадпрыемства “Жыткавіцкае ПМС” даводзіцца ў нялёгкіх умовах: чатыры буйныя ракі, два возеры, дзве сажалкавыя гаспадаркі значна ўскладняюць работу. За бягучы ж год, згодна бізнес-плана, калектыву неабходна асвоіць 3 мільярды 947 мільёнаў рублёў у аб’ёме ўсіх работ і паслуг. Па стану на першую дэкаду жніўня 2009 года было асвоена 2 мільярды 321 мільён рублёў.


Варта зазначыць, што крызісныя з’явы ў эканоміцы не абышлі бокам меліяратараў. У першую чаргу ліхаманяць іх работу такія два негатыўныя фактары як неплацяжы і адсутнасць ранейшых аб’ёмаў работ. Дастаткова сказаць, што толькі заказчыкі, згодна заключаных кантрактаў, запазычылі меліяратарам 640 мільёнаў рублёў, да таго ж сельгаспрадпрыемствы – 15 мільёнаў. А пра тое, што аб’ёмы работ знізіліся, яскрава сведчыць той факт, што жыткавіцкія меліяратары, акрамя свайго, працуюць і ў Рагачоўскім раёне.


На Жыткаўшчыне механізатары, рабочыя, вадзіцелі прадпрыемства вядуць рамонт меліярацыйных сістэм на аб’ектах “Ястрабіца”, што на тэрыторыі фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба, а таксама рамантуюць сістэмы ў КСУПах “Чырвоны Бор” і “Ленінскае”.


Па меры магчымасцей з пачатку года ішло абнаўленне тэхнікі. У прыватнасці атрымалі новы экскаватар, своечасова праплацілі за чатыры новыя, якія паступяць сюды ў хуткім часе, набылі два аўтобусы для перавозкі людзей, грузавы аўтамабіль, трактарныя прычэпы, іншую тэхніку і абсталяванне агульным коштам 2 мільярды 300 мільёнаў рублёў.


Перад адміністрацыяй прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якое апынулася, вобразна кажучы, у нялёгкіх цісках, стаяць адказныя задачы: захаваць вопытныя кадры, своечасова і якасна выконваць даведзеныя аб’ёмы работ і працягваць пошукі новых заказаў.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.