Новае кафэ ў цэнтры Турава

Расчыніла дзверы перад першымі наведвальнікамі новае кафэ ў цэнтры старажытнага Турава. Прыгожы двухпавярховы будынак, які ўзвяла фермерская гаспадарка М. Шруба, аздобіла арыгінальная назва аб’екта харчавання і адпачынку — “Будзьма”. Такая сапраўды незвычайная назва адразу заклікае да сяброўскіх узаёмін патэнцыяльных наведвальнікаў і настройвае іх на цудоўныя хвіліны сумеснага знаходжання.


Па запрашэнню кіраўніка фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба ў мінулую суботу перад пачаткам працы новага кафэ яго сядзібу наведалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Таболіч, іншыя афіцыйныя асобы раённай і гарадской адміністрацыі. Для гасцей кіраўнік фермерскай гаспадаркі зрабіў невялікую экскурсію.


Мікалай Какора даў высокую ацэнку новаму аб’екту, які выдатна падрыхтаваны да прыёму наведвальнікаў, арыгінальна аформлены. Ён павіншаваў гаспадароў з выдатнай ідэяй, якая ажыццёўлена на практыцы і ў якую Міхаіл Шруб уклаў нямала душы і сэрца, пажадаў поспехаў на новай ніве дзейнасці.


Безумоўна, такі аб’ект грамадскага харчавання і адпачынку заслугоўвае ўвагі як мясцовых жыхароў, так і шматлікіх турыстаў, якія пастаянна наведваюць наш сівы Тураў. Найперш тым, што ў афармленні яго (а аўтарства тут, канешне, належыць самому гаспадару) прысутнічае згадка пра гістарычны шлях, які прайшла гэтая зямля за апошняе тысячагоддзе.


Прыгожыя аконныя праёмы аздоблены роспісам з пералікам усіх гарадоў, якія ў далёкія часы ўваходзілі ў склад Тураўскага княства; мэбля, столя, розныя палічкі скіроўваюць да сямейнага ладу, вытрымліваецца, калі можна так сказаць, еўрапеізаваны сямейна-этнаграфічны стыль з тураўскім ухілам. Але зроблена ўсё ў мяккіх танах, якія, безумоўна, і прымусяць наведвальніка адчуць сябе як дома, і скіруюць да філасофіі жыцця чалавека на зямлі. Сучаснасць і мінулае прысутнічаюць ў адной вялікай зале, гарманічна і амаль ўмоўна разбітай на некалькі зон, у залежнасці ад настрою і памкненняў чалавека. Хочаш успомніць бацькоўскую хату — завітай да этнахаткі, дзе і ў печы гарыць агонь, каша варыцца і бліны пякуцца. Тут жа настальгічна ў куце вобраз, старыя фотаздымкі, на паліцы — гармонік (згадаем: як бацька, так і сам Міхаіл Шруб добра валодаюць гэтым сапраўды народным інструментам!). Хочаш адчуць сябе на тураўскім беразе Прыпяці — калі ласка. Побач — для цябе і для сяброў спецыяльнае месца, аздобленае так, нібыта і сапраўды адпачываеш на ўлонні прыроды: тут і перавернутая лодка, якая служыць сталом, і рыбацкая сетка нагадае пра лепшыя рыбацкія моманты. А хочаш проста забавіць час за келіхам моцнага напою — да тваіх паслуг бар, дзе працуюць прыгожыя мясцовыя дзяўчаты, спецыялісты сваёй справы…


Галоўнае ж, чым збіраюцца здзіўляць гаспадары кафэ сваіх наведвальнікаў, — гэта разнапланавай кухняй. Зразумела, што ў меню будуць значыцца не толькі традыцыйныя мясцовыя стравы, тураўскія прысмакі, традыцыйныя агульнабеларускія закускі, але будзе шырока прадстаўлена і еўрапейская кухня. Прыгатаванне і якасць страў забяспечваюць тры высокакласныя кухары, а абслугоўванне наведвальнікаў — чатыры падрыхтаваныя афіцыянткі, якія вытрымалі папярэднія іспыты.


Варта яшчэ заўважыць, што пабудавана ў Тураве не проста кафэ. Мне яно нагадала еўрапейскі прыдарожны рэстаранчык са сваім каларытам і фірменнымі стравамі (адразу кафэ здольна праняць сорак наведвальнікаў, а па заказу, калі, напрыклад, трэба правесці сямейную ўрачыстасць, у два разы больш!) і невялікім гатэльным комплексам. Цікава тое, што на другім паверсе кафэ зроблена некалькі гасцінічных нумароў, якія абсталяваны сучаснай мэбляй і дзе ёсць усё неабходнае для пражывання нават самаму патрабавальнаму іншаземцу, упэўнены, спадабаецца такі сервіс. Гэта, скажу я вам, выдатна!


Прыемна, што ў нашым раёне з’яўляюцца такія месцы, куды не сорамна прывесці дарагога госця і табе пададуць менавіта тое, што ты хочаш бачыць і з’есці. Гэта вельмі важна. Прыемна, што такія аб’екты набліжаюць нас, палешукоў, да разумення, што на аграэкатурызме можна сёння зарабляць грошы, што да нас будуць ехаць людзі адусюль, цікавіцца нашым жыццём, традыцыямі, культурай.


І што там сказаць, немалаважна, але факт: кафэ разлічана на людзей з сярэднім дастаткам, і гэта прынцыпова заяўлена пры адкрыцці. Таму асабіста ў мяне ёсць упэўненасць, што ідэя з часам не загубіцца, а толькі будзе прыцягваць людзей, якія (няхай не так часта!), але імкнуцца культурна адпачыць разам. Трэба прызнаць: нам не хапае вуснай маўленчай культуры, культуры ўзаёмін. Так што будзем сустракацца ў “Будзьма!”


У.ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.