ТУРАЎШЧЫНА: гісторыя і сучаснасць
Тураў — старажытны і разам з тым такі сучасны — па-ранейшаму на слыху. Перафразуючы вядомае выслоўе, можна нават сказаць, што ў апошнія гады ўсе дарогі вядуць у Тураў. Вось і ў мінулую суботу тут адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Тураўшчына: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаная 65-годдзю вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У палове 12-й гадзіны ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам. Затым яны наведалі такія знакавыя месцы Турава як экспазіцыя “Замкавая гара”, помнік Кірыле Тураўскаму, Барыса-Глебскія могілкі, краязнаўчы і музей прыроды нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, скрыпту, ля якой вычарпальны каментарый даў патрыярх нашай беларускай археалогіі, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Лысенка.
А пасля абеда ў канферэнц-зале Тураўскага гарадскога Савета адбылася галоўная размова на галоўную тэму парадку дня канферэнцыі. Спачатку слова было прадастаўлена старшыні абласнога Савета дэпутатаў Валерыю Сяліцкаму, які, у прыватнасці, адзначыў, што ўладныя структуры Гомельшчыны падтрымлівалі і будуць падтрымліваць рэгіянальныя даследаванні самага шырокага кшталту, ліквідацыю “белых плямаў” нашай гісторыі і культуры. Пажадана толькі, каб гэтая дапытлівасць мела больш трывалы прафесійны падмурак.
Прафінансаваны многія праекты, створана і дзейнічае навукова-асветніцкае таварыства імя Кірылы Тураўскага, ёсць намер адну з вуліц Гомеля назваць іменем нашага славутага земляка: філосафа, прапаведніка, аўтара многіх цудоўных твораў прыгожага пісьменства, значэнне якіх — непераўзыходзячае.
Пакрысе вымалёўваецца новае аблічча інфраструктуры Турава, пра што яскрава сведчыць, напрыклад, пабудова сучаснай гасцініцы. Але гэта толькі пачатак. Трэба яшчэ шмат зрабіць, каб горад сапраўды стаў адным з прыцягальных цэнтраў паломніцтва і турызму. І тут, як абгрунтавана зазначыў Валерый Сцяпанавіч, людзей не заманіш толькі шашлыком ды юшкай, лазняй ды аграсядзібай. Духоўна выхаваных падарожнікаў цікавяць новыя мясціны, у першую чаргу, у пазнавальным плане. Таму, на думку выступаючага, Тураву патрэбны такія немалаважныя рэчы як свае архіў і галерэя. А яшчэ – больш энтузіястаў, падзвіжнікаў, прадпрымальных людзей. І, натуральна, рост эканомікі, большая занятасць людзей. Нездарма ж у народзе кажуць: добра дапамагаць таму, хто сам сабе дапамагае…
Жыткавіцкі раён, як адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, з’яўляецца дынамічна развітым у сацыяльна-эканамічным плане рэгіёнам вобласці, валодае высокім эканамічным, духоўным і гісторыка-культурным патэнцыялам. У складаных сучасных умовах ён выконвае такія прагнозныя паказчыкі як экспарт і імпарт паслуг, вытворчасць сельгаскагаспадарчай прадукцыі, увод у эксплуатацыю жылых дамоў і г.д. Так, па выніках 6 месяцаў 2009 года на тэрыторыі Жыткаўшчыны няма стратных падведамасных прадпрыемстваў.
Працягваецца мадэрнізацыя вытворчасці, дыверсіфікацыя эканомікі, развіццё малога бізнесу і сельскай гаспадаркі. Летась, напрыклад, у эканоміку раёна было ўкладзена каля 80 мільярдаў рублёў інвестыцый, даходы кансалідаванага бюджэта перавысілі 35 мільярдаў рублёў, а за першае паўгоддзе 2009 года склалі 15 мільярдаў рублёў. За студзень-чэрвень бягучага года ў раёне інвесціравана каля 50 мільярдаў рублёў, у тым ліку 11 мільярдаў бюджэтных асігнаванняў. Галоўныя задачы — далейшае забеспячэнне эканамічнага росту, пераход на інавацыйны шлях развіцця, павелічэнне інвестыцый у чалавека.
З мэтай задавальнення ўсё узрастаючых попытаў значнай часткі насельніцтва еўрапейскіх краін, жадаючых непасрэдна азнаёміцца з гісторыяй натуральнай прыроды, раслінным і жывёльным светам ідзе развіццё найбольш перспектыўных напрамкаў турызму: гісторыка-культурнага, аграэкалагічнага, рэкрэацыйнага, спартыўнага і паляўнічага турызму. Калі ў 2007 годзе была зарэгістравана ўсяго адна аграсядзіба “Згублены рай” у вёсцы Сяменча, то летась — дзве: “Сасновы бор” у вёсцы Лагвошчы і “Азяранскі падворак” у вёсцы Азяраны. На сённяшні дзень ужо гатовы прыняць першых адпачываючых 7 аграсядзіб.
Затым усіх удзельнікаў і гасцей навуковага форуму вітаў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі па навуковай працы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч. Ен выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна за працу па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Бо мінулае з’яўляецца надзейным падмуркам у справе патрыятычнага выхавання маладога пакалення і паспяховай рэалізацыі сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у краіне.
Далей Вячаслаў Віктаравіч спыніўся на гісторыі Тураўшчыны, яе багатай культурнай спадчыне, назваў прозвішчы людзей, якія ўнеслі велізарны ўклад у гісторыю нашай дзяржавы, — Кірылы Тураўскага, князя Юрыя Яраславіча, які дамогся аднаўлення незалежнасці Тураўскага княства, вялікага князя Свідрыгайлы, вядомага палітычнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Міхаіла Глінскага, дабравернага князя Канстанціна Астрожскага, які шмат зрабіў для захавання і развіцця праваслаўя на беларускіх землях, нашых сучаснікаў Герояў Сацыялістычнай Працы Аляксея Тачылы, Сцепаніды Марусіч і многіх іншых.
Гістарычны шлях Тураўшчыны, як і ўсяго беларускага народа, складаны і супярэчлівы, трагічны і гераічны. Яе землі неаднаразова рабіліся арэнай кровапралітнага супрацьстаяння, гераічнага супраціўлення агрэсарам. Асабліва яскрава аб гэтым сведчаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Правядзенне падобных мерапрыемстваў, адзначыў выступаючы, з’яўляецца непасрэднай, практычнай ідэалагічнай работай, якая накіравана на кансалідацыю беларускай нацыі, забеспячэнне гарманізацыі грамадскіх адносін, фарміраванне патрыятызму, грамадзянскай актыўнасці і адказнасці, захаванне культурна-гістарычнай пераемнасці і нацыянальнага гонару. Гэта вельмі важна для ўмацавання духоўна-маральных і ідэалагічных асноў беларускага грамадства, яго кансалідацыі на шляху далейшага паспяховага развіцця нашай краіны.
Чаму праводзіцца не проста навуковая, акадэмічная канферэнцыя, якую, дарэчы, можна было арганізаваць і ў Мінску, а менавіта навуковая канферэнцыя практычнай накіраванасці ў Тураве? Бо хацелася зрабіць так, каб вынікі працы адразу сталі набыткам жыхароў Тураўшчыны, у першую чаргу тых, хто займаецца яе гісторыяй і культурай. А такі падыход дазваляе ўключыць у навукова-даследчы працэс не толькі акадэмічных вучоных, але і мясцовых даследчыкаў гістарычнага мінулага. Як тых, хто займаецца ідэалагічнай, выхаваўчай работай, так і мясцовых краязнаўцаў.
Вельмі важна, падкрэсліў Вячаслаў Віктаравіч, каб даследаванні былі прысвечаны гісторыі мясцовых населеных пунктаў, а таксама людзей (родаў, сем’яў, асобаў), якія жылі тут. Як знакамітых, так і звычайных. Бо вядома, што Беларусь часта выжывала і адраджалася пасля войнаў і ліхалеццяў не толькі дзякуючы подзвігам сваіх герояў, але і на грунце карпатлівай штодзённай працы звычайных людзей. Таму актуальнымі з’яўляюцца дэмаграфічныя і генеалагічныя даследаванні, вывучэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця асобных вёсак і прадпрыемстваў, што дапаможа стварыць там свае музеі і будзе вельмі карысным у справе захавання памяці аб нашых продках і папярэдніках, якія абаранялі і ўмацоўвалі Бацькаўшчыну. Каб на іх прыкладах выхоўваць і адукоўваць падрастаючае пакаленне. Вучыць моладзь дабру, павазе да сваіх продкаў, уменню жыць у міры і добрасуседстве. Нездарма ж людзі гавораць, што гісторыя — гэта сапраўдная настаўніца жыцця.
Пасля свайго выступлення Вячаслаў Данілавіч перадаў ў падарунак нашаму раёну шэраг кніг гістарычнай тэматыкі.
“Тураў — старажытная калыска беларускай дзяржаўнасці” — такой была тэма даклада прафесара Пятра Лысенкі. А ў заключэнне свайго выступлення вядомы навуковец і даследчык, які, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, прымаў чынны ўдзел у працы канферэнцыі, шчыра папрасіў усіх запяспечыць захаванасць гарадзішча Турава, не парушаць канцэпцыю стварэння гістарычна-культурнага комплекса ў старажытным горадзе, берагчы сваю спадчыну, якую потым не купіш нідзе.
Пра сённяшні і будучы Тураў расказаў прысутным старшыня мясцовага гарадскога выканаўчага камітэта Ігар Міцюрыч. Ен, у прыватнасці, адзначыў, што на сённяшні дзень у Тураве, які складаецца з 41 вуліцы і 9 завулкаў, жыве 3147 чалавек, траціну якіх складаюць пенсіянеры. 1200 чалавек працуюць у 30 арганізацыях, філіялах, на прадпрыемствах. Трэцяя частка моладзі не працаўладкавана, занятая ўласнай падсобнай гаспадаркай, у якой вырошчваюць раннюю сельгаспрадукцыю. На тэрыторыі Савета пражывае 50 шматдзетных сямей, 80 — няпоўных, 5 — так званых неблаганадзейных сямей, 5 — апякунскіх і 3 гасцявыя сям’і. Есць 2 школы, сад-яслі.
Асноўныя напрамкі інвестыцыйнай палітыкі: будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў і стварэнне новых вытворчасцяў, мадэрнізацыя (рэканструкцыя), тэхнаўзбраенне існуючых прамысловых прадпрыемстваў (вытворчасцяў), будаўніцтва (рэканструкцыя) аб’ектаў АПК, сферы паслуг (транспарт і сувязь, жыллёва-камунальная гаспадарка, гандаль і бытавое абслугоўванне) і сацыяльная сфера. Усяго на 2009 год на гэтыя мэты па гораду запланавана асвоіць 2 мільярды 303 мільёны рублёў, у тым ліку за сродкі рэспубліканскага бюджэта – 1 мільярд 36 мільёнаў 500 тысяч, абласнога – 1 мільярд 14 мільёнаў рублёў. Такім чынам рэалізацыя асноўных накірункаў развіцця Турава дазволіць дасягнуць істотнага росту жыцця насельніцтва па аб’ёму індывідуальных даходаў, забяспечнасці жыллём і якасцю асяроддзя пражывання. Дзякуючы павышэнню эффектыўнасці вытворчай сферы, развіццю турызму як адной з галоўных галін народнай гаспадаркі гэта дынаміка дазволіць стварыць умовы ўстойлівага развіцця.
Ігар Леанідавіч з удзячнасцю адзначыў, што многае ў Тураве зроблена горадаўтвараючым прадпрыемства — адкрытым акцыянерным прадпрыемствам “Тураў”. Напрыклад, была праведзена мадэрнізацыя і ўстаноўлена імпартная лінія па перапрацоўцы зялёнага гарошку ў аб’ёме 11 мільёнаў умоўных слоікаў. Для гэтых мэт спатрэбілася каля 9 мільярдаў рублёў. У 2009 годзе асвоена 800 мільёнаў рублёў на рамонт абсталявання і ўстаноўку для наклейвання акцыз. Да таго ж распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва лодачнай станцыі коштам 3 мільярды рублёў, з мэтай развіцця турызму ўзведзена гасцініца коштам 3,5 мільярда рублёў, у красавіку бягучага года былі ўведзены ў эксплуатацыю 2 сацыяльныя дамы для шматдзетных сямей (кошт праекта — 500 мільёнаў рублёў). Плануецца выдзеліць звыш 2 мільярдаў рублёў на завяршэнне будаўніцтва лазнева-пральнага камбіната.
Горад мае свой непараўнальны куток прыроды — тураўскі луг, які ўяўляе сабой прырэчны пойменны ўчастак, размешчаны ў сярэднім цячэнні ракі Прыпяць на поўнач ад Турава. Тут размешчана адно з буйнейшых у Беларусі каланіяльных пасяленняў рэдкіх відаў кулікоў, у тым ліку і глабальнага віда – дупеля.
Працягваецца рэалізацыя такіх праектаў як стварэнне заказніка “Тураўскі луг”, інфармацыйна-турыстычнага цэнтра. Для гэтых мэт былі прыцягнуты інвестыцыі праграм малых грантаў у нашай рэспубліцы, замежная дабрачынная дапамога. За 2006 — 2009 гады на гэтыя мэты было зрасходавана 82 тысячы даляраў ЗША.
Дзякуючы сумесным намаганням укараняюцца энергазберагаючыя тэхналогіі ва ўчэбна-выхаваўчых установах горада. У прыватнасці будзе праведзена замена свяцільнікаў у школах на лямпы дзённага асвятлення згодна санітарных нормаў, а таксама замена вокнаў на шклопакеты ў Доме творчасці. На гэты праект будзе зрасходавана 33 мільёны 287 тысяч 750 рублёў.
Працягваецца газіфікацыя Турава, створаны кааператыў і ўжо ў канцы бягучага лета вуліца Перкіна атрымае прыродны газ.
У час канферэнцыі пра ветэранаў Тураўшчыны расказаў старшыня мясцовага савета ветэранаў Рыгор Бастун, сваімі ўспамінамі падзяліўся ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Блоцкі. Перад прысутнымі выступілі таксама старшы навуковы супрацоўнік інстытута фізікі НАН Беларусі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, адказны сакратар праўлення Тураўскага навукова-асветніцкага таварыства імя Кірылы Тураўскага Мікалай Саскевіч, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі Яраслаў Бязлепкін, аспірант гэтага аддзела Аляксандра Ціманава.
Прагучалі пытанні і адказы. А завяршылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя на мажорнай ноце: у мясцовым Доме культуры быў дадзены канцэрт самадзейнасці народных калектываў Тураўшчыны.
С. КУЛАКЕВІЧ.