Цана якасці
Сёння, павялічваючы вытворчасць малака, сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна дбаць і пра якасныя параметры гэтай прадукцыі. За апошнія гады да гэтых паказчыкаў патрабаванні сталі намнога сур’ёзнейшымі. Разам з тым за кошт продажу малака высокімі гатункамі можна мець і даволі важкую прыбаўку да асноўнай закупачнай цаны. Як скарыстоўваюць гэтую магчымасць гаспадаркі раёна? На гэтую тэму і наша гутарка з вядучым заатэхнікам райсельгасхарчу Ігарам ВЕКА.
— Ігар Паўлавіч, давайце пачнем з аналіза. Якой якасці сельгасвытворцы раёна прадаюць перапрацоўшчыкам малако ў гэтым годзе?
— Гаспадаркамі раёна за шэсць месяцаў бягучага года прададзена на перапрацоўчыя прадпрыемствы 11228,8 тоны малака ў фізічнай вазе. У заліковай вазе гэта будзе 11974,6 тоны. Калі разглядаць гэтыя лічбы ў разрэзе гатунковасці, то атрымліваем, што 4,1 працэнта (488 тон) ад агульнай колькасці рэалізавана гатункам “экстра”, 62,2 працэнта (7444,8 тоны) — вышэйшым, 41, 2 працэнта (3830) — першым і 0,9 працэнта (111 тон) — другім гатункам.
— Калі параўноўваць з такім жа перыядам мінулага года, спрацавалі па якасці малака сельгаспрадпрыемствы лепш, ці горш?
— Я сказаў бы, што лепш. Напрыклад, продаж малака гатункам “экстра” за гэты год у нас павялічыўся на чатырыста тон. Больш чым на дзве тысячы тон, чым на такі час летась пастаўлена перапрацоўшчыкам малака вышэйшым гатункам. А вось продаж малака нізкім другім гатункам знізіўся на 13 тон. Гэтыя лічбы сведчаць, што на месцах усё больш працуюць над якаснымі параметрамі малочнай прадукцыі. Вось яшчэ адзін прыклад. Летась паказчык тлустасці прадаваемага малака складаў 3,66, а цяпер ён — 3,76. Менавіта за кошт паляпшэння якасці па раёну атрымалася такая розніца па малаку ў фізічнай вазе і заліковай. І яна на карысць вытворцаў, бо аплачваецца малако па заліковай вазе.
— А як абстаяць справы па якасці малака ў разрэзе гаспадарак.
— Тут сітуацыя даволі стракатая. Возьмем КСУП “Агра-Прыпяць”. Практычна ўсё малако гатункам “экстра” (359,9 тоны з агульнай колькасці) з нашага раёна пастаўлена на перапрацоўку гэтай гаспадаркай. Таксама малако гатункам “экстра” прадавалі КСУПы “Запясочча” і “Коленскае”. Летась у гэтай групе гаспадарак быў і КСУП “Марохараўскі”. Але сёлета тут не атрымалі ні адной тоны такога высакаякаснага малака. Таксама гэтыя гаспадаркі значна сёлета прыбавілі па рэалізацыі малака вышэйшым гатункам. На жаль, так плённа працуюць не ўсе. У прыватнасці, у КСУПе “Чырвоны Бор” намнога павялічылася доля малака першым гатункам і зменшылася вышэйшым. Ды і другім гатункам гэтая гаспадарка прадала малака найбольш з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.
— Відавочна, што продаж малака нізкімі гатункамі, — гэта эканамічныя страты. І якія прычыны перашкаджаюць працаваць вынікова і прадаваць прадукцыю высокай якасці?
— Так, і страты адчувальныя. Толькі з-за таго, што прадавалася малако першым і другім гатункамі, на рахункі гаспадарак не дапаступіла больш двухсот мільёнаў рублёў. Вось такая яна цана якасці для сельгасвытворцаў. І гэта толькі за палову года. Што тычыцца прычын, то ў большасці выпадкаў гэта праяўленне недапрацовак непасрэдна на месцах. Дзесьці паслаблены кантроль з боку спецыялістаў заатэхнічнай службы, дзесьці абсталяванне падвяло, дзесьці недастаткова прадумалі арганізацыйныя моманты і гэтак далей. Вывад напрошваецца сам сабой: над якасцю патрэбна працаваць.
— Дзякую за гутарку.
Запісаў С.БЕЛКА.