Вялікае малако “Марохараўскага”

У адзін з летніх лагераў КСУПа “Марохараўскі”, дзе ўтрымліваюцца дойныя каровы, трапілі ў разгар вячэрняй дойкі. Аператары машыннага даення зладжана выконвалі сваю работу. Заганялі ў станкі кароў, падсыпалі ім канцэнтраты, падключалі апараты, падносілі да малакавоза напоўненыя малаком вёдры. Праца спорылася. Таму нялёгка было ўгаварыць адну з перадавых даярак гаспадаркі Надзею Купрацэвіч, каб распытаць у яе пра бягучыя справы. Жанчына доўга адмаўлялася, спасылаючыся на вялікую занятасць, але ж пасля, вылучыўшы вольную хвіліну, згадзілася расказаць пра сваю працу. Нялёгкая яна ў Надзеі Адамаўны і яе калег. Мяркуйце самі. Як распавяла даярка, за мінулы месяц яна надаіла больш дваццаці тон малака. Практычна ўсё перанесла яго на ўласных руках у вёдрах да малакавоза. Да таго ж і надвор’е таксама ласкавасцю не вызначалася. Дажджы лілі як з вядра. Працаваць жа прыходзіцца ў палявых умовах, бо статак знаходзіцца на кругласутачным пашавым утрыманні. Бывала, што пад дажджом прыходзілася чакаць транспарт па гадзіне і болей, каб вярнуцца дамоў. Адзінае, што радуе працаўніцу: на зялёнай траўцы кароўкі значна прыбавілі прадукцыі, а значыць, гэта станоўча адаб’ецца на заробку жанчыны. Як і іншых аператараў сельгаспрадпрыемства.


За мінулы месяц найбольшую колькасць малака надаіла ад сваёй групы рагуль Святлана Макарэвіч. Важкія надоі і ў Веры Сучковай, і ў Святланы Ахрамовіч, і ў Святланы Макарэвіч, сясцёр Таццяны і Марыны Майшук і іншых. — Усе нашы аператары машыннага даення даволі ўмелыя і спрактыкаваны спецыялісты, — выказвае словы пахвалы сваім работніцам галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Тамара Іванаўна Макарэвіч, — таму і аддача сёлета ад дойнага статка, дзякуючы агульным намаганням, даволі важкая. Тут са словамі спецыяліста цяжка не пагадзіцца. Аднымі з першых у раёне мясцовыя жывёлаводы дабіліся ў гэтыя дні надою больш пятнаццаці кілаграмаў ад каровы. Гэта дазволіла ім выйсці ў лік валастваральных гаспадарак па вытворчасці малака. Штодня тут прадаюць перапрацоўшчыкам больш дванаццаці тон малака. Прычым пры самай высокай таварнасці прадукта. Яна складае больш дзевяноста працэнтаў. Па гэтаму паказчыку КСУП “Марохараўскі” бясспрэчны лідар у раёне. Ды і прыбаўка ў 31 працэнт у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года таксама сведчыць, наколькі лепей сталі працаваць мясцовыя жывёлаводы.


— На жаль, пакуль не ўдаецца выйсці на планавае заданне, — расказвае Тамара Іванаўна, — над вырашэннем гэтай задачы і працуем. Скажу адназначна, што ў бліжэйшы месяц падзення па надоях па гаспадарцы не прадбачыцца. Гэта не мінулы год, калі з сярэдзіны чэрвеня мы пачалі “падаць” па малаку. Цяпер сітуацыя іншая.


Грунт для слоў заатэхніка –- выдатныя выпасы. Значная іх колькасць закладзена па так званай літоўскай тэхналогіі. Цяпер яны радуюць добрым травастоем. Наладжана і іх своечасовае падкошванне. Кіраўніцтва гаспадаркі, нягледзячы на разгар корманарыхтоўкі, выдзеліла для скошвання выпасаў спецыяльны трактар з касілкай. Своечасова падвозяцца вада, мел, соль. Пастухі адбіваюць загонкі. Дае свой эфект і кругласутачная пасьба. Усе дойныя статкі пераведзены ў гаспадарцы на яе. Яшчэ адчувальны рэзерв –- расцёлы трыццаці нецеляў. Мяркуецца павялічыць і дачу камбікармоў. Адным словам, прымаюцца захады, каб не зніжаць вытворчасць.


Канешне, не абыходзіцца і без праблем. Нямала патрэбна папрацаваць мясцовым работнікам і спецыялістам ферм над якасцю малочнай прадукцыі. Яна адпавядае пакуль не тым параметрам, якіх здольны тут дабівацца. Таму ў “Марохараўскім” імкнуцца зрабіць так, каб у сваёй дзейнасці гарманічна спалучаліся ў адзінае цэлае дзве велічыні: колькасная і якасная. Менавіта цяпер на іх грунтуецца эканоміка гаспадаркі. Усё ж больш за восем мільёнаў рублёў выручкі ад рэалізацыі малака ў дзень –- гэта сума немалая. Тым больш што за кошт якасных паказчыкаў яе можна значна павялічыць.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.