Сустрэчы з сувязістамі і паштавікамі
Яны адбыліся раніцай у мінулы чацвер у актавай зале раённага вузла паштовай сувязі. Спачатку, у 8 гадзін, сюды прыбылі прадстаўнікі калектыву раённага вузла электрасувязі на чале з намеснікам начальніка РВЭС Сяргеем Шаўчэнка.
Галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Людміла Арлянковіч прадставіла прысутным членаў інфармацыйнай групы. А імі ў той дзень былі намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, урач-валеолаг установы аховы здароўя “Жыткавіцкая цэнтральная раённая бальніца” Уладзімір Зінчанка, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, начальнік аддзела культуры Сяргей Агіевіч і начальнік ДАІ Жыткавіцкага РАУС капітан міліцыі Уладзімір Кулакевіч.
З кароткім дакладам па тэме адзінага інфармацыйнага дня спачатку выступіў інжынер электрасувязі Дзмітрый Пяшэвіч, які адказвае ў калектыве за ідэалагічную работу. Затым слова было прадастаўлена начальніку ДАІ У. Кулакевічу і начальніку аддзела культуры райвыканкама С. Агіевічу.
У сваіх пытаннях да членаў інфармацыйнай групы сувязісты закранулі самыя разнастайныя бакі нашага паўсядзённага жыцця. Яны, у прыватнасці, наракалі на дрэннае забеспячэнне гарачай і халоднай вадой у мікрараёне Жыткавічы-1. Канкрэтна ў гэтым плане былі названы дамы № 4, 5, 14. Крытыцы былі падвергнуты таксама кепскае, нікуды не вартае добраўпарадкаванне тэрыторыі пры падыходзе да дзіцячага сада-ясляў “Бусляня”, дрэнны стан дарог у райцэнтры, у прыватнасці, па вуліцы Савецкай. Гучалі і наступныя пытанні: чаму не абсталявана прыстойнае месца для веласіпедаў каля цэнтральнай раённай аптэкі, да каго звярнуцца за рамонтам пробак у электралічыльніках, як уручыць экстранную тэлеграмму прыватнай асобе, калі на вуліцы не гарыць ліхтар, а на падворку непрывязаны сабака? Падчас сустрэчы з калектывам раённага вузла паштовай сувязі на чале з яго начальнікам Ягорам Шабаевым перад прысутнымі выступілі Валерый Рагалевіч, Уладзімір Кулакевіч, Сяргей Агіевіч і Уладзімір Зінчанка.
С. ВІЛЬЧЫК.