Стараюцца меліяратары
З раніцы да вечара ў гэтыя дні не сціхае гул магутнай меліярацыйнай тэхнікі каля вёскі Любавічы. Тут спецыялістамі філіяла ПМК –66 РУП “Калінкавічыводбуд” вядзецца ўзвядзенне новага буйнога меліярацыйнага аб’екта.
— Даўно мы не выконвалі такіх аб’ёмаў, — расказвае начальнік арганізацыі Уладзімір Стахеевіч Валадзько. — Але здаць аб’ект своечасова і з належнай якасцю нашым работнікам па сілах.
Сапраўды аб’ект інжынерных мерапрыемстваў па ахове ад паводкі населеных пунктаў горада Турава і вёскі Любавічы, а таксама сельскагаспадарчых угоддзяў ля іх уражвае сваёй маштабнасцю. Толькі адных дамб патрэбна спецыялістам ПМК-66 збудаваць на працягу 19,6 кіламетра. Акрамя гэтага, праектам прадугледжваецца ўзвядзенне помпавай станцыі магутнасцю перапампоўвання вады 1,6 метра кубічнага ў секунду, 19 пераездных збудаванняў, 2 дзюкеры, засеяць травой 37,5 гектара, правесці лінію электраперадач працягласцю 700 метраў і іншае. Кошт будаўніцтва складае амаль чатыры мільярды рублёў. Асвоіць сродкі і здаць новы меліярацыйны аб’ект меліяратары плануюць у наступным годзе. І гэта нягледзячы на вялікі аб’ём работ. Для прыкладу, толькі адной зямлі патрэбна перавярнуць амаль паўмільёна кубічных метраў. Па словах Уладзіміра Стахеевіча, сродкі, укладзеныя ў гэты аб’ект, будуць акуплены за сем гадоў. Хуткая акупаемасць тлумачыцца тым, што аб’ект будзе ахоўваць даволі значную тэрыторыю ад паводкавых вод. Яе плошча складзе 2740 гектараў. Гэта значыць, што дзякуючы працы меліяратараў на гэтай зямлі можна будзе без усялякай боязі займацца сельскай гаспадаркай нават у самых нізкіх месцах. Ды і падтаплення населеных пунктаў можна пазбягаць. Вынікова працуюць на аб’екце ў Любавічах прараб Міхаіл Пацук, машыніст экскаватара Аляксей Кавалёў, трактарыст бульдозера Міхаіл Чэркас, будаўнікі пад кіраўніцтвам брыгадзіра Міхаіла Пайграя і іншыя.
Працуюць работнікі і спецыялісты з ПМК-66 не толькі ў Любавічах. Паралельна вядуць работы па рамонту меліярацыйных аб’ектаў каля вёскі Боркі. Гэта дазволіць больш надзейна захоўваць сельгасугоддзі КСУПа “Коленскае”. Дарэчы, гэтай гаспадарцы меліяратары дапамагаюць і па зносу сіласных траншэй. Ды і іншым сельгаспрадпрыемствам пры патрэбе прыходзяць на дапамогу. Што калектыў працуе стабільна і можа вырашаць такія значныя задачы па меліярыраванню зямель, гаворыць аб высокай кваліфікацыі спецыялістаў. Так, нават у нялепшыя часы для меліяратараў кіраўніцтва арганізацыі здолела захаваць кадры. Вопыт жа ў меліярацыі даволі важная рэч. Як сказаў Уладзімір Валадзько, не кожная будаўнічая арганізацыя здолее ўзвесці такое збудаванне, якое зараз будуецца пад Любавічамі.
Старанні меліяратараў з ПМК-66 — гэта пастаяннае добраўпарадкаванне роднай зямлі. І яны пачэсна выконваюць свой абавязак.
С. БЕЛКА.