Справаздачы гурткоў

Добрай традыцыяй у Хільчыцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе стала правядзенне творчай справаздачы гурткоў у канцы навучальнага года.


На вуліцы ідзе дождж, але ва ўсіх святочны настрой. Калідор прыгожа прыбраны, на сценах вісяць рознакаляровыя шары. Усе хвалююцца і радуюцца адначасова. Кожны кіраўнік гуртка разам са сваімі выхаванцамі рыхтуецца да выступлення. Большасць вучняў на працягу года наведвалі наступныя гурткі: “Крыжачок”, “Эколаг”, “Асілак”, “Сузор’е надзей”, “Ліра”, “Камп’ютарная графіка”, “Спадчына”, “Юны акцёр”, “Знічка”, “Народныя ўмельцы”, “Верасок”. Адкрыла мерапрыемства намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Птушка Алена Міхайлаўна, якая пажадала ўсім добрага настрою і шчасця.


Першымі трымалі іспыты выхаванцы гуртка “Верасок” (кіраўнік С.М. Дарошка). Наведваюць яго вучні другога класа. Гурткоўцы прадставілі выставу вырабаў з прыроднага матэрыялу. Гурток “Сузор’е надзей” (кіраўнік Н.Ф. Вянгура) працуе трэці год. Наведваюць яго вучні з задавальненнем, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе і раёне. Іх выступленні адзначаны ганаровымі граматамі і дыпломамі.


Гурток “Юны акцёр” наведваюць вучні 3-4 класаў. Кіруе гуртом малады настаўнік пачатковых класаў Леановіч Таццяна Адамаўна. Цікава, рознабакова праходзяць яе заняткі. Вучні, як сапраўдныя акцёры, сыгралі свае ролі ў казках “Як курачка пеўніка ратавала” і “Муха і пчала”. Гром апладысментаў і нават кветкі атрымалі ў падарунак юныя акцёры Кавалец Паліна, Клімовіч Валянціна, Кудзелька Юлія, Шруб Валерыя.


Этнаграфічным гуртком “Спадчына” кіруе настаўнік гісторыі Комар Юрый Мікалаевіч. Многа каштоўных экспанатаў сабрана настаўнікам і вучнямі. Гурткоўцы цікава расказвалі пра прылады вясковага побыту беларусаў. Гурткоўцы “Знічка” (кіраўнік І.М. Кацэвіч) паказалі цікавую казку “Пеўнік”. Як сапраўдныя майстры сцэны выконвалі свае ролі Грыб Дзіяна, Птушка Аліна, Аліферавец Ганна, Купрацэвіч Анастасія.


“Народныя ўмельцы”, якімі кіруе Шруб Марына Паўлаўна, сапраўдная спявачка і майстрыха, прадэманстравалі свае вышыўкі і хораша праспявалі народную песню “Зялёная вішня”. Здавалася, што як колісь, у гады дзяцінства, сядзіш на вясковых вячорках, калі дзяўчаты вышывалі ручнікі, абрусы, сурвэткі сабе на прыданае і спявалі песні.


Спрытна, весела закружыліся ў танцы гурткоўцы “Крыжачка”, якім кіруе Грыб Галіна Міхайлаўна. А “Полька беларуская”, якую яны выканалі, запрасіла да сябе ў кругі гледачоў. Дзяржалі справаздачу і юныя паэты, выхаванцы гуртка “Ліра” (кіраўнік Г.М. Лясько). Яны прачыталі свае вершы. Пасля такіх сустрэч з’яўляецца натхненне ў вучняў і настаўнікаў школы, хочацца працаваць яшчэ лепш, з’яўляецца жаданне рабіць усё магчымае дзеля чалавечага шчасця, выхоўваць сапраўдных грамадзян Рэспублікі Беларусь.


Г. ЛЯСЬКО, настаўніца рускай мовы і літаратуры Хільчыцкай САШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.