Па сянажнай тэхналогіі

Першымі ў раёне пачалі нарыхтоўку кармоў у пойме Прыпяці працаўнікі КСУПа “Коленскае”. Пойменныя сенакосныя ўгоддзі ў гэтай гаспадарцы складаюць 568 гектараў. Менавіта з іх у гэтыя дні вядзецца закладка сенажу.


Тэхніка на пойменных сельгасугоддзях гаспадаркі працуе з самага ранку. Прычым самая розная. Спачатку на лугах стракаталі касілкі. Пасля, калі травяная маса падвялілася, у работу ўключыліся граблі-варушылкі. Толькі пасля таго, як трава стала прыгоднай па вільготнасці для нарыхтоўкі сенажу, на прырэчныя прасторы выйшлі магутныя кормаздабываючыя комплексы.


— На пойме працаваць значна складаней чым на акультураных сенакосах, — гаворыць механізатар кормаздабываючага комплекса Аляксандр Дрынеўскі. — Пры рабоце патрабуецца больш уважлівасці, каб не забуксаваў камбайн, да таго ж і няроўнасць паверхні сказваецца на рабоце. Але стараемся.


Гэтыя старанні механізатара добра пацвярджаюцца асабістымі яго паказчыкамі дзённай выпрацоўкі. За дзень Аляксандр Іванавіч на сваім КЗР-10 здрабняе больш сотні тон травы. Яго паспяховай працы садзейнічаюць і іншыя механізатары. Напрыклад, Станіслаў Козел. Менавіта ён граблямі зграбае ў валкі скошаную траву. Дзякуючы яго працы, для КЗРа Дрынеўскага пастаянна маецца фронт работ. Таксама паспяховай рабоце Аляксандра Іванавіча спрыяюць вадзіцелі і механізатары на адвозцы масы, такія як Андрэй Кароткі, Іван Шчакатовіч і іншыя.


Калі перад механізатарамі, якія працуюць на лугах, стаіць асноўная задача, як здрабніць і даставіць да месца траншэі найбольшую колькасць травяной масы, то ў Мікалая Жука і Пятра Пяшэвіча клопаты іншыя — шчыльней страмбаваць масу ў траншэі. Іх магутныя трактары “Амкадор” і “Кіравец” самыя апошнія кіруюцца на машынны двор, і самыя першыя распачынаюць работу. Трамбоўка масы вядзецца з пяці гадзін раніцы.


Непаўторны пах скошаных прырэчных траў. Ен настройвае механізатараў не толькі на плённую працу. Кожны з іх разумее, што трэба старацца, каб кармы былі толькі самай высокай якасці. Разам з тым, пах травы настройвае і на лад лірычны. Хоць і часу ў корманарыхтоўшчыкаў не так і шмат, але ж знаходзяць хвіліну-другую, каб палюбавацца на прыгажосць прыроды, паназіраць за грацыёзнымі лебедзямі, якія плаваюць у возеры непадалёку, журавамі, што дзесяткамі, нібы гаспадары гэтых мясцін, паважна шпацыруюць па пожні. Кароткая хвіліна адпачынку. І зноў за працу. Бо яшчэ шмат патрэбна паспець кольненскім корманарыхтоўшчыкам. На дзень нашага наведвання яны назапасілі на зімоўку грамадскага статка толькі 322 тоны сена і 2310 тон сенажу. У планах жа мець намнога больш у сховішчах і траншэях травяністых кармоў.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.