“Па Гомельскім Палессі”
З 2007 года па творчай ініцыятыве ўпраўлення культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў пачала працаваць першая перасоўная мастацкая выстаўка “Па Гомельскім Палессі”. Вандруе яна па ўсіх раёнах Гомельскай вобласці. І вось, нарэшце, чарга дайшла і да Жыткаўшчыны З 10 чэрвеня выстаўка пачне працаваць у Тураўскім краязнаўчым музеі.
Як паведамілі “НП” з музейнай установы, вядомыя ў краіне мастакі Роберт Ландарскі, Генадзь Говар і Дзмітрый Папоў вынеслі на суд гледачоў свае лепшыя работы, над якімі яны натхнённа працавалі апошнім часам. На выстаўцы будуць экспанавацца ўсе галоўныя станкавыя формы мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура.
Пейзажы заслужанага дзеяча Беларусі Роберта Ландарскага прысвечаны роднаму Палессю, яны адметны вытанчанымі фарбамі роднага краю. Генадзь Говар прапанаваў серыю аркушаў пад агульнай назвай “Рысы эры”. Выкананыя з выкарыстаннем нетрадыцыйных матэрыялаў, яны прыцягваюць увагу шырынёй задумкі і ўяўленняў мастака. Ен паказвае абагуленыя вобразы знакамітых асоб розных эпох. Дваццаць стагоддзяў як бы аб’яднаны ў адзіную кампазіцыю.
Дзмітрый Папоў вынес на суд гледачоў скульптурныя работы, напоўненыя гаркотай і болем аб зямлі, зраненай цэзіем і стронцыем. Прысутнічаюць работы і іншай тэматыкі.
Запрашаем усіх азнаёміцца з гэтай выставай і адчуць тую любоў да людзей, якую мастакі імкнуцца данесці праз свае творы.
Подготовил В. ПРИОЗЕРНЫЙ.