Усё памятаем. Нішто не забыта
Подзвіг Салдата-Вызваліцеля, які ачысціў Еўропу ад карычневай чумы, не забыты. Для ўсіх нас гэта свята — агульнае, адзначае перамогу гуманізму, самаахвяраванасці ў імя вечных каштоўнасцей — міру, волі, справядлівасці. Гэтыя агульныя ідэалы наш народ адстаяў разам з братнімі народамі ў бітвах Вялікай Айчыннай, пранёс праз дзесяцігоддзі. І будзем пра тую крыважэрную вайну памятаць вечна. Пра гэта можна гаварыць з моцнай упэўненасцю. Яна аснавана на пабачаным на святкаванні 64-ых угодкаў Вялікай Перамогі ў раённым цэнтры: па загадзе свайго сэрца на гэтае свята, здаецца, выйшлі ўсе жыхары горада. Прынамсі, за апошнія дзесяць гадоў такую колькасць гараджан на такіх мерапрыемствах аўтару гэтых радкаў не даводзілася бачыць ніколі…
Святочны настрой панаваў ва ўсім райцэнтры. Рознакаляровыя сцягі, транспаранты, кветкі ўпрыгожылі горад, які, здаецца, пашырэў і памаладзеў. Ля помніка загінуўшым вызваліцелям горада і раёна — гарыць вечны агонь, ганаровая піянерская варта. Гучаць мелодыі 40-х. Сюды ішлі 9 Мая людзі па волі сэрца, затрымліваліся, ускладалі кветкі, плакалі, згадваючы свой боль…
…10.30. Ля рэдакцыі газеты “Новае Палессе” бярэ пачатак урачыстае шэсце, якое ўзначальваюць ветэраны-франтавікі, партызаны, падпольшчыкі, працаўнікі тылу, кіраўнікі раённай улады. Іх, Салдат-Вызваліцеляў, маленькая групка, зусім мала. У іх вачах – радасць: дажылі да чарговага шэсця. Ветэранаў уражвае вялікая колькасць дзяцей, якія стварылі жывы ганаровы калідор для тых, каму гэты дзень асабліва дарагі… У суправаджэнні ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам П. Трасцянюка калоны людзей рушаць, бяруць накірунак да брацкай магілы воінаў і партызан.
Тут адбыўся традыцыйны жалобны мітынг. Адкрыў яго старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Атліванаў. Зварот кіраўніка прадстаўнічага органа ўлады быў адрасаваны ўсім воінам-вызваліцелям, але асаблівая ўвага ў яго кароткай прамове – моладзі: “ У гэтай брацкай магіле зусім маладыя людзі, якія хацелі жыць, але лёс распарадзіўся іначай. Яны загінулі, каб пасля нарадзіліся ўсе мы…”
Са словамі віншавання з вялікім святам да жыхароў горада і раёна, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў партызанскага руху і падполля, працаўнікоў тылу, кіраўнікоў раёна звяртаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, які, у прыватнасці, адзначае:
— Шмат начэй і дзён ішоў да Перамогі савецкі салдат, губляючы на палях бітваў баявых таварышаў і сяброў. Значны ўклад у агульную Вялікую Перамогу ўнёс беларускі народ. Наша рэспубліка першай прыняла на сябе цяжар вайны і фактычна сарвала гітлераўскі план “маланкавай” вайны… Заўсёды спакойныя, разважлівыя беларусы паўсталі супраць нясцерпнага гнёту нямецкіх агрэсараў. Незалежна ад ўзросту і полу, людзі ішлі бараніць сваю зямлю, сваю Радзіму. Заведама ведаючы, што ідуць на смерць дзеля будучыні сваіх дзяцей, мацярок, бацькоў, сясцёр і братоў.
Мужна сустрэлі ворага на тэрыторыі нашага раёна воіны 18-га пагранічнага атрада і 75-ай стралковай дывізіі. Шырокамаштабныя баявыя аперацыі супраць акупантаў развярнулі на тэрыторыі Жыткаўшчыны партызанскія брыгады імя Будзёнага, 50-я Жыткавіцкая, 25-ая імя Панамарэнкі, 123-ая імя 25-годдзя БССР, 130-ая Петрыкаўская, Тураўскі і Давыд-Гарадзецкі партызанскія атрады…
Няскораны беларускі народ не толькі не чакаў, але і паскараў прыход вызваліцеляў, і гэты дзень наступіў.
Вялікія разбурэнні і беды прыняслі захопнікі нашаму раёну. Няма такой сям’і, якую яна сваім чорным крылом не закранула… Спатрэбіліся значныя намаганні ўсяго народа, дзяржавы, каб адрадзіць у кароткі час парушанае вайной.
Таму памяць аб гэтай страшнай вайне будзе і павінна жыць у нашай памяці, у нашых сэрцах. Людзі, якія змагаліся за Перамогу, не будуць ніколі забыты. 64 помнікі і абеліскі ў гонар загінуўшых у баях за вызваленне Жыткаўшчыны і загінуўшых мірных жыхароў устаноўлена на тэрыторыі раёна. Гэтыя памятныя месцы воінскай славы напамінаюць нам аб гарачай любові да Радзімы воінамі-вызваліцелямі і ахвярамі страшнай вайны…
— Дзякуючы гераізму воінаў і мужнасці народа быў дасягнуты доўгачаканы мір, які прыйшоў ва ўсю Еўропу. Гэтую Перамогу здабыць было цяжка, і зараз, праз 64 гады, мы не павінны забываць, як гэта адбылося, — звяртаючыся да тысяч жыткаўчан і гасцей горада, адзначыў Сяргей Зубкоў, кіраўнік раённага аддзялення грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”. Ен таксама падкрэсліў, што спадкаемцы гераічнага подзвігу ветэранаў паказалі ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, што яны годныя памяці загінуўшых, імкнуліся зберагчы мір, за яго ваявалі ў Афганістане і другіх гарачых кропках у свеце…
Мы абавязаны пастаянна памятаць і схіліць галовы перад загінуўшымі, мы ганарымся подзвігам воінаў і свайго народа, віншуючы з Днём Перамогі, адзначылі дырэктар ААТ “Пратон-М” Ніна Рамановіч і вучаніца САШ №1 г. Жыткавічы Ірына Рагавіцкая. “Мы не бачылі вайны, але ведаем пра мужнасць і доблесць нашых прадзедаў, пра гора людское. Такое не павінна паўтарыцца. Цяпер мы, маладыя, жывём у светлай і цудоўнай краіне, і павінны беражліва ставіцца да гісторыі, яе патрыятычных традыцый і настрояў…” — падкрэсліла старшакласніца.
Да падножжа помніка ўскладаюцца вянкі і кветкі – ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, ад працоўных калектываў і жыхароў горада і раёна, гасцей райцэнтра. Трохразова гучыць салют. Мітынг аб’яўляецца закрытым.
Святочныя ўрачыстасці затым распачаліся на гарадскім стадыёне і парку імя Міколы Гамолкі, дзе ладзілася для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, гараджан і гасцей вялікая канцэртная праграма, праводзілася шмат спартыўных мерапрыемстваў, конкурсаў.
А пачаліся ўрачыстасці з афіцыйнай падзеі – падняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Як вядома, 10 мая адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Герб і сцяг з’яўляюцца галоўнымі знакамі нашай краіны. Гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, найважныя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны. Уганараваны правам падняць Дзяржаўны сцяг ветэран Вялікай Айчыннай С.А. Альвінскі, урач цэнтральнай раённай бальніцы Д.М. Сахараў і вучаніца САШ №1 г. Жыткавічы Ю. Кудзялінская.
На стадыёне больш гадзіны праводзілася спартландыя, прысвечаная святу. Яе арганізавалі аддзел адукацыі, аддзел спорту і турызму райвыканкама і РК БРСМ пры масавым удзеле ўсіх школ горада. У спартыўным яркім спаборніцтве першае месца па колькасці балаў атрымалі вучні сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №3 г. Жыткавічы, другое занялі юныя спартсмены гімназіі, трэцяе — САШ №4…
Але галоўная ўвага была на свяце, безумоўна, ветэранам. Паназіраўшы за сваімі праўнукамі, якія так старанна змагаюцца за спартыўную перамогу, яны былі запрошаны на прыём, які ладзіўся ў іх гонар кіраўніцтвам горада. Тут яны ўспаміналі свае франтавыя гады, маглі задаць хвалюючыя пытанні адказным асобам…
У гарадскім парку працавала дзіцячая пляцоўка і былі наладжаны розныя выставы, можна было набыць падарункі і марожанае, папіць квасу. Тут разгарнулася канцэртная пляцоўка, дзе гучалі песні ваенных гадоў, класічныя мелодыі ў выкананні аркестра народных інструментаў Жыткавіцкай дзіцячай музычнай школы, калектываў мастацкай самадзейнасці. Было арганізавана шмат забаў для дзяцей.
…Цёплае сонечнае надвор’е спрыяла таму, што народнае гулянне доўга віравала на стадыёне (дзе выступалі народныя калектывы) і ў парку. А вечарам жыткаўчане мелі магчымасць пабачыць святочную канцэртную праграму, жыткаўчан парадаваў духавы аркестр. Дапазна адпачывала моладзь на адкрытай танцавальнай пляцоўцы ў гарадскім парку імя Міколы Гамолкі…
У дні 64–годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх вялікіх населеных пунктах раёна, была праведзена акцыя “Не забыты ніводзін ветэран”, да ўсіх помнікаў ускладзены вянкі і кветкі.
У. ГАЎРЫЛОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: падчас святкавання 64-ай гадавіны Перамогі ў г. Жыткавічы.
Фота В. КІЖНЕВА.