Творчасць і здароўе поруч
Толькі зірнуўшы на школьны двор, заўважаеш, як многа зроблена навучэнцамі і настаўнікамі па яго добраўпарадкаванню. Разбіта мноства клумб, на якія высаджаны кветкі, узведзена шмат малых архітэктурных форм, выкапана сажалак, пасаджана дрэўцаў і многае іншае. Гэты працэс працягваецца. У хуткім часе на школьным двары з’явіцца рукатворны вадапад, над узвядзеннем якога працуюць.
— Добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі служыць для нашых вучняў выдатным выхаваўчым сродкам, — гаворыць дырэктар комплекса Леанід Цупік. — У іх развіваецца пачуццё прыгажосці, школьнікі прывучаюцца да працы, бо ўсё гэта пад кіраўніцтвам настаўнікаў створана іх рукамі, значыць, і ў іншых мясцінах яны гэтак жа будуць паважліва адносіцца да таго, што зроблена іншымі людзьмі. Таксама развіваюцца і творчыя здольнасці дзяцей, яны выдумляюць, фантазіруюць. На ўроках выразаюць розныя фігуркі, якімі пасля ўпрыгожваем школьны двор.
Дапамагаюць сфарміраваць погляд у дзяцей, што наша краіна самая прыгожая ў свеце, больш пазнаёміцца з ёй і шматлікія экскурсіі. Вучні і настаўнікі пабывалі ў Мазыры, Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы. Шмат паходаў зроблена і па мясцінах раёна. Наведалі аграсядзібу Аляксандра Масла ў Чырвоным Бары “Закінуты рай”, старажытную Тураўскую зямлю і іншыя. У кожным паходзе вучні даведваюцца ўсё больш новага і цікавага, а яшчэ гэта і здаровы адпачынак.
Выхаваць у дзяцей правільныя адносіны да свайго здароўя таксама з’яўляецца першаступеннай задачай педагогаў. Таму спартыўнае жыццё ў школе даволі насычанае на разнастайныя мерапрыемствы: дні здароўя, першынства школы па розных відах спорту, лекторыі, конкурсы, віктарыны, гульні, акцыі “Мы за здаровы лад жыцця”, конкурсы малюнкаў і плакатаў, тыдні фізкультуры і спорту.І такая лічба, што ў спартыўных секцыях занята больш паловы школьнікаў, красамоўна сведчыць наколькі паважлівыя адносіны ў Браніслаўскім навучальна-педагагічным комплексе да здаровага ладу жыцця. Каманды педагагічнага комплекса паспяхова выступаюць на раённых спаборніцтвах. Лепшае сведчанне таму — мноства дыпломаў і грамат за перамогі ў іх. Яны сабраны на асобным стэндзе. Гэта таксама служыць справе выхавання. Як і стэнды малюнкаў, выдатнікаў школы. Дзеці на іх бачаць, як многа можна дабіцца, прыклаўшы належнае старанне. І прыклад тут паказваюць настаўнікі, граматы і дыпломы за іх плённую працу аформлены асобным стэндам у школе.
Рабяты з Браніслаўскай навучальнай установы могуць ганарыцца не толькі сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Есць і значныя набыткі на творчай ніве. Многія наведваюць пасля ўрокаў разнастайныя гурткі, дзе вучацца спяваць, маляваць, працаваць з дрэвам. Свае творчыя работы не раз дасылалі на раённыя конкурсы. І яны атрымлівалі высокія адзнакі журы. Дарэчы, педагогі таксама прымаюць удзел у грамадскім і творчым жыцці раёна.