Паважліва адносіцца да роднай зямлі

Гэтая праблема ўзнікла не год і не два назад. Яна існуе, магчыма, ужо цэлае дзесяцігоддзе, калі на тэрыторыі нашага раёна, нібы грыбы пасля дажджу, пачалі на прыватных агародах расці парнікі. І іх будуецца ўсё болей і болей. Таму і пытанне з утылізацыяй выкарыстанай поліэтыленавай плёнкі абвастраецца. Менавіта ў гэтым і сутнасць праблемы. Не сказаць, што да яе вырашэння не прыступаліся. Захады прымаліся. Некалькі гадоў назад нават на пасяджэнні сесіі райсавета дэпутатаў гэтая праблема была вынесена на разгляд. Прымалася і адпаведнае рашэнне. Актывізавалі сваю работу па прыёмцы выкарыстанага поліэтылену і нарыхтоўшчыкі раённага спажывецкага таварыства, іншых службаў. Толькі, як сведчыць практыка, час ідзе, а кавалкі парванай плёнкі, знятай з парнікоў, забруджваюць нашу зямлю.


Што ўяўляюць сабой плёначныя звалкі, давялося бачыць уласнымі вачыма не адзін раз. Асабліва ўразіла іх колькасць у адным з ляскоў ва ўрочышчы “Казаргаць”, якое знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Турава. Зямля ў бары ад выкінутай гаспадарамі парнікоў старой поліэтыленавай плёнкі была пакрыта ёю, нібы суцэльным пластом снегу на дзесяткі метраў. Яе шамаценне ад парываў ветру нават перавышала па сваёй гучнасці шум дрэў. Тыя, нібы скардзіліся, — людзі, што ж гэта вы робіце? Толькі пытанне гэтае так і не знаходзіла свайго адрасата. А свавольнік-вецер яшчэ больш разносіў кавалкі небяспечнага матэрыялу па ваколіцах. Так, небяспечнасць такіх звалак у тым, што яны з лёгкасцю пад парывамі ветру імкліва разрастаюцца. І дастаецца цяпер ад іх не толькі лясному масіву, але і палеткам, што знаходзяцца побач, а таксама вадаёмам. Відаць, такім чынам уладальнікі парнікоў хочуць пакінуць сваім дзецям і ўнукам памяць пра сябе. Калі гэта так, то яны сваёй мэты дамагліся. Тэрмін разлажэння поліэтыленавай плёнкі складае сотні гадоў. Гэта ж колькі пакаленняў нашых нашчадкаў будуць ведаць пра цяперашнюю дзейнасць? Толькі ці прынясе яна ім радасць? Вось тыя пытанні, адказы на якія патрэбна шукаць цяпер. І ў першую чаргу гаспадарам парнікоў неабходна праявіць свядомасць, чым вывозіць плёнку са сваёй рукатворнай цяпліцы адходы ў бліжэйшы лес ці канаву, або проста на грамадскі палетак. Так, свядомасць і грамадзянскую адказнасць, больш цывілізавана падыходзіць да экалогіі мясцін, дзе пражываеш. Есць для гэтага магчымасці. Прычым і ў нашым раёне. Мясцовае спажывецкае таварыства можа закупіць усю выкарыстаную поліэтыленавую плёнку. Толькі, як сведчаць лічбы, не надта ахвотна ўладальнікі парнікоў імкнуцца здаваць яе нарыхтоўшчыкам. Хаця зрабіць гэта можна не толькі праз нарыхтоўчыя магазіны, але і звычайныя гандлёвыя кропкі спажывецкай кааперацыі. Толькі чаму не скарыстоўваецца гэтая магчымасць? Цана? Так, яна невысокая — усяго восемдзесят рублёў за кілаграм. Да таго ж, каб здаць выкарыстаную плёнку, яе патрэбна памыць. Вось многія і лічаць за лепшае вывезці яе са двара куды-небудзь, чым вазіцца за такія мізэрныя грошы. Таму і вынікі работы кааператараў па закупу выкарыстанай поліэтыленавай плёнкі за год даволі сціплыя. Як адзначыла знаўца райпа Людміла Сакалова, за мінулы год уладальнікамі парнікоў здадзена толькі 12 тон поліэтылену, за 2007 — прыкладна адзінаццаць, з пачатку гэтага года — чатыры тоны. І гэта пры тым размаху парніковай справы. Самыя простыя падлікі паказваюць, што скарыстоўваецца ў раёне поліэтыленавай плёнкі не менш двух соцень тон. Астатняя, вядома, куды дзяваецца.


Наведваючыся ў вясковыя магазіны спажывецкай кааперацыі, не раз задаваў пытанне іх прадаўцам: ці закупляюць яны выкарыстаную поліэтыленавую плёнку ў насельніцтва. Адказ заўсёды быў станоўчы. А вось на другое пытанне: колькі ж за мінулы год закуплена поліэтылену, адказам было маўчанне або словы “план выконваем”. Толькі, як вынікала з гутаркі з Людмілай Анатольеўнай Сакаловай, планы магазінам даводзяцца нязначныя па закупу поліэтылену. Таму і не надта хочуць прадаўцы займацца гэтай справай. Нездарма яна папрасіла ў канцы размовы ўказаць нумар тэлефона нарыхтоўшчыкаў райпа. Вось ён: 2- 12-96. Пазваніўшым уладальнікам парнікоў па ім, работнікі нарыхтоўчай структуры райпа дапамогуць цывілізаваным спосабам пазбавіцца ад выкарыстанай поліэтыленавай плёнкі. Есць тут і яшчэ адзін дывідэнд: пасля здачы плёнкі ў гандлёвых кропках спажывецкага таварыства гаспадары могуць набыць новы поліэтылен па цане з паніжанай гандлёвай надбаўкай. Але, відаць, не вабяць гэтыя прапановы “бізнесменаў” агурковай справы. Яны і надалей займаюцца сваёй чорнай дзейнасцю, засмечваючы адходамі навакольнае асяроддзе. Выхад тут бачыцца ў іншым, што сваё важкае слова павінны сказаць і спецыялісты адпаведных органаў. У першую чаргу, інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя. Можна ж наладзіць сістэму кантролю, каб пасля запытаць гаспадара парніка пасля заканчэння сезону: і куды ж падзелі плёнку? Даведкі аб яе здачы нарыхтоўшчыкі выдаюць. Не павінна стаяць у баку ад вырашэння дадзенай праблемы і мясцовая ўлада, і яе актывісты. Каму ж як не ім найдакладней ведаць, колькі парнікоў маецца на тэрыторыі, і куды гаспадары дзяюць з іх адыходы. Па ўсяму відаць, вырашэнне праблемы — у комплексным падыходзе, магчыма, некага патрэбна прыцягнуць да адказнасці. Усё ж балюча робіцца ад такіх адносін да роднай зямлі.


С. МІКАЛАЕУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.