Зорка Уладзіміра Будніка

28 красавіка 2009 года вядомаму беларускаму кампазітару, нашаму земляку Уладзіміру Будніку споўнілася б 60 гадоў.


У Мінску, у вялікай зале філармоніі адбыўся вечар памяці кампазітара, які так рана пайшоў з жыцця. Песні Уладзіміра Будніка выконвалі народны акадэмічны хор імя Г. Цітовіча пад кіраўніцтвам М. Дрынеўскага, ансамбль народнай лірыкі «Свята», вядомыя беларускія спевакі. Словы павагі і ўдзячнасці Уладзіміру Іванавічу выказалі артысты Аляксандр Ціхановіч, Надзея Мікуліч, Мікалай Скорыкаў, паэт Уладзімір Мазго і многія іншыя.


З сябрамі, знаёмымі, прыхільнікамі творчасці Уладзіміра Будніка мы пры сустрэчах, на нейкіх мерапрыемствах нярэдка ўспамінаем яго — якім ён быў чалавекам, творцам, таварышам. На жаль, гэта заўсёды так бывае — па-сапраўднаму ацэньваеш таго, хто побач, тады, калі яго ўжо няма… Праз прызму часу на многае мы глядзім па-другому, успамінаем тое, на што, такое абыдзенае, не звярталі ўвагі, не заўважалі, не цанілі. І цяпер, калі прайшлі гады, гаворым, якім сумленным, добрым, сціплым, калі трэба прынцыповым быў Валодзя Буднік.


Узгадваю красавік 1999 года, калі Валодзю споўнілася 50 гадоў. Ен папрасіў мяне дапамагчы купіць да святочнага стала нейкія прадукты, яблыкі, апельсіны. Стаялі ў чарзе, і я, калі падыйшлі да прылаўка, жартам сказаў прадаўшчыцы: «Выбірайце, калі ласка, самыя прыгожыя. Для яго вось, кампазітара Будніка — імянінніка…» Прадаўшчыца шырока раскрыла вочы: «Вы Буднік? Той самы?…» Валодзя тады раззлаваўся, што ўдавалася рэдка, і выгаварыў мне: «Навошта ты сказаў гэта? Людзі падумаюць невядома што, папулярнасці, — маўляў, шукаю…»


На кожным, можна сказаць, кроку яго сустракалі шматлікія знаёмыя, сябры, шчыра віталіся, пыталіся — як жыццё, цікавіліся справамі, творчымі здабыткамі. Многіх я ведаў толькі з газет ці экрана тэлевізара. Гэта маглі быць артысты Мікалай Яроменка ці Яўген Крыжаноскі, тэнісіст Максім Мірны ці парламентарый Сяргей Касцян, паэт Сяргей Законнікаў ці генерал-палкоўнік Пятро Чаус, пісьменнік Георгій Марчук ці былы міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы, тагачасны рэктар БДУ Васіль Стражаў ці рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч… Усе яго ведалі, любілі, паважалі. Саша Ціхановіч звычайна абдымаў Валодзю, як роднага, але калі прапаноўвалі выпіць разам кілішак за сустрэчу, ён спалохана махаў рукамі, аднекваўся: «Што вы, хлопцы, не дай Бог, Ядзя заўважыць, пачуе пах»…


Здаралася — жыццё ў вялікім горадзе патрабуе шмат выдаткаў —Валодзя пазычаў да палучкі грошы, звычайна невялікія. Адразу вызначаў дзень, калі аддасць, і заўсёды вяртаў доўг у тэрмін. Іншы раз, калі не выходзіць, перапазычыць у каго-небудзь, але слова стрымае. Неяк кажа: «Да пятага выручы на 20 тысяч». А пятага чысла ў яго палучка ў філармоніі, нейкі ганарар за песню. Я паглядзеў у кашалёк: «Толькі 15 магу, у самога мала». Ен гаворыць: «Добра, давай 15, а 5 будзеш мне павінен». Ен любіў жартаваць, дасціпна і бяскрыўдна.


Неяк мы ішлі па праспекту Незалежнасці ў Мінску, і Валодзя сваім пільным вокам заўважыў на асфальце завушніцу. Падняў, агледзеў — залатая. «Гэта ж нейкая дзяўчына згубіла, бядуе цяпер, — перажываў ён. — Можа, аб’яву напісаць у газету?» Гэта было якраз насупраць цэнтральнага кніжнага магазіна, і мы не прыдумалі нічога лепшага, як аддаць завушніцу касіру, што сядзела за касаю непадалёку ад уваходу: можа, звернецца сюды тая, што згубіла каштоўную рэч. Наўрад ці знайшла яна гаспадыню, але сумленне наша было чыстым…


Мне не раз даводзілася назіраць ў яго маленькай аднапакаёвай кватэры на вуліцы Сонечнай (нават назва яе адпавядала Валодзю), як ён клаў на вечка піяніна загадзя адабраны верш таго ці іншага паэта і, «патрэнькаўшы», некаторы час на музычным інструменце, узяўшы з дзесятак акордаў, нечакана сваім як бы падтрэснутым голасам напяваў нарыхтоўку новай песні. Магчыма, матыў яе ён абдумваў і адпрацоўваў пра сябе раней, але здавалася, што новы твор вось толькі з’явіўся, і так хутка, проста…


Абдумваць не толькі свае новыя творы, але, як відаць, і жыццё, Валодзя любіў раніцамі, у час штодзённых прагулак, устаўшы з сонцам, а восенню, зімою яшчэ ў прыцемках, ён няспешна ішоў гуляць — праз стадыён, абсаджаны бярозамі, да Камсамольскага возера і далей, потым другой дарогаю — назад. Ранішняе сонейка, свежае паветра надавалі яму бадзёрасць, добры настрой на ўвесь дзень, магчыма, напявалі новыя задумкі, мелодыі, наогул — планы і мары… Хто яшчэ мог прыехаць на веласіпедзе з Мінска ў Жыткавічы, як штогод рабіў такое няблізкае падарожжа Уладзімір Іванавіч?


Валодзя любіў і імкнуўся рабіць людзям прыемнае. Сваім знаёмым, сябрам ён дарыў простыя, але з густам зробленыя ім самім рэчы. Майстравітасць, талент да ўсяго, за што возьмецца, у яго спадчыне: бацька быў добрым музыкантам-самавучкай, як і дзед, што жыў у Пухавічах, на славутым Чырвоным возеры, маці — выдатнай майстрыцай-рукадзельніцай, сваімі рукамі выткала, можа, сотні прыгажэйшых дываноў. Валодзя выразаў з дрэва арыгінальныя, зручныя падстройкі пад вазон або патэльню, з галінак, сучкоў, альховых і сасновых шышак рабіў цікавыя букеты ў стылі ікебана і раздаваў тым, хто завітваў да яго на Сонечную вуліцу.


Я пішу гэтыя радкі прыгожай, не зусім звычайнай ручкай, якую падараваў мне калісьці з нейкай нагоды мой сябра Уладзімір Буднік…


Васіль ФЕРАНЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.