Запас трываласці

Шмат работы выконваюць на веснавым палетку свайго сельгаспрадпрыемства “Верасніца” механізатары браты Андрэй і Уладзімір Каральцы. Асноўным іх клопатам з’яўляецца падрыхтоўка глебы да сяўбы і ворыва. На апошняй агратэхнічнай аперацыі іх магутны МТЗ-1523 быў задзейнічаны найбольш. І нездарма кіраўніцтва гаспадаркі даверыла гэты ўчастак Каральцам. Ад якасці ворыва ў далейшым залежыць і якасць правядзення астатніх тэхналагічных аперацый на палетку. Упэўненасць, што гэтыя механізатары зробяць усё на высокім узроўні, была. Напрыклад, Андрэй носіць ганаровы тытул “Лепшы араты раёна”, які ён здабыў у працоўным спаборніцтве на ворыве ў мінулым годзе. Ды і брат, хаця і не мае такога звання, па словах галоўнага інжынера гаспадаркі Аляксандра Бохна, працаўнік старанны, і прафесіяналізму яму таксама не займаць. Таму трактар Каральцоў знаходзіцца ў полі практычна цэлыя суткі, механізатары працуюць у дзве змены. Гэта станоўча адбіваецца на выніках іх працы. Сёлетняй вясной яны ўжо ўзаралі некалькі соцень гектараў глебы.


Добрыя вынікі на веснавых палетках гаспадаркі паказваюць і іншыя механізатары сельгаспрадпрыемства. Як адзначыў Аляксандр Сцяпанавіч, за апошнія гады тэхнічная магутнасць сельгаспрадпрыемства намнога павысілася: набылі шмат новай высокаэфектыўнай сучаснай тэхнікі як замежнай, так і айчыннай вытворчасці, таму і работы на палетках спорацца нядрэнна.


— Практычна ўсе энерганасычаныя трактары ў нас укамплектаваны двума механізатарамі, што дазваляе скарыстоўваць такую тэхніку ў дзве змены, — расказвае галоўны інжынер, — а гэта адпаведна адбіваецца на штодзённай выпрацоўцы. Практычна пасеяць нам засталося толькі кукурузу і гарох, ды праводзіць догляд за пасевамі. І з гэтай работай справімся.


Запэўніванні спецыяліста грунтуюцца на трывалай тэхнічнай аснове. Скажам, тыя ж механізатары Васіль Тачыла і Уладзімір Блоцкі на трактары “Нью Холанд” у счэпе з камбінаваным пасяўным агрэгатам правялі практычна сяўбу яравых зерневых культур. А гэта ні многа — ні мала, а больш чатырохсот гектараў. Яны яшчэ і засеялі паўсотні гектараў гарохам, выконвалі і іншыя работы. Значны ўклад у пасяўную ўнеслі на трактары “Беларус-3022” і механізатары Аляксандр Блоцкі і Фёдар Мажака. А вось механізатарам Васілю Жыганюку і Івану Жылану яшчэ патрэбна папрацаваць нямала. Яны задзейнічаны на пасеве кукурузы. Яе сёлета запланавалі ў сельгаспрадпрыемстве пасеяць на пяцісот гектарах, з якіх сто — на зерне. Работа спорыцца і ў іх. Гэтаму садзейнічае тое, што своечасова рыхтуецца глеба на палетках пад кукурузу. Дарэчы, гэтыя палі атрымалі і нядрэнную запраўку ўгнаеннямі. Толькі арганікі ўнесена на іх больш пятнаццаці тысяч тон. Пастараліся Яўген Матарас, Мікалай Чыкіда і Васіль Матарас. Апошні механізатар паспяхова зараз працуе і на падкормцы азімых культур мінеральнымі тукамі. Тут таксама ёсць дзе развярнуцца. Азімы клін сельгаспрадпрыемства складае больш девяцьсот гектараў.


Ход палявых работ у КСУПе “Верасніца” паказвае, што ў мясцовых земляробаў маецца моцны запас трываласці, каб завяршыць іх паспяхова. Разам з сённяшнімі клопатамі яны не забываюцца і пра будучыя важныя сельскагаспадарчыя кампаніі. Ужо зараз актыўна вядзецца работа па падрыхтоўцы кормаздабываючай тэхнікі. Усё робіцца для таго, каб і на сенакосных угоддзях працаваць плённа і вынікова.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.