Узаемадзеянне, ініцыятыва, актыўнасць
Пытанне “Аб удасканаленні сацыяльнага партнёрства паміж прафсаюзнымі камітэтамі і наймальнікамі па рэалізацыі інтарэсаў і правоў работнікаў праз сістэму калектыўна-дагаворных адносін” было разгледжана на шостым пленуме раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса. Адбылося дадзенае мерапрыемства напрыканцы мінулага тыдня. Удзел у ім прынялі лідары прафсаюзных пярвічак, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў АПК.
З падрабязным аналізам спраў па вышэйназванаму пытанню на пленуме выступіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса раёна Сяргей Месніковіч. Як адзначалася Сяргеем Міхайлавічам, у апошні час у арганізацыях АПК раёна склалася стройная сістэма ўзаемадзеяння наймальнікаў і прафсаюзных камітэтаў на аснове заключаных калектыўных дагавораў, якія спрыяюць выкананню раённага Пагаднення паміж райсельгасхарчам і райкамам прафсаюза. Аналіз выканання калектыўных дагавораў, як гаварыў далей выступаючы, сведчыць, што бакі прымалі захады па рэалізацыі прынятых на сябе абавязацельстваў па выкананню прагнозных паказчыкаў у 2007-2008 гадах, па ўмацаванню эканомікі сельгасарганізацый, сацыяльнага становішча працаўнікоў праз павышэнне аплаты іх працы, стварэнне бяспечных умоў працы і іншых мераў, накіраваных на паспяховае выкананне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі.
Зыходзячы з тых дасягненняў, што маюць цяпер аграрыі раёна, будуецца і сацыяльнае партнёрства. Старшыня райкама прафсаюза АПК ацаніў яго як станоўчае. І яно пастаянна ўдасканальваецца. Спрыяе гэтаму і цеснае ўзаемадзеянне прафсаюза з рознымі органамі ўлады, што таксама дазваляе больш дэталёва вывучаць праблемы людзей і агульнымі намаганнямі вырашаць іх. Станоўчых прыкладаў сацыяльнага партнёрства было прыведзена ў выступленні нямала. Добра абстаяць справы ў гэтым накірунку дзейнасці ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях КСУПаў “Людзяневічы”, “Агра-Прыпяць”, “Бялёў”, “Чырвоны Бор”, ПМК-76, ДПТВ-182 і іншых. У калектыўных дагаворах гэтых арганізацый вялікае месца адводзіцца пытанням па забеспячэнню сацыяльнага дабрабыту работнікаў, абароне правоў моладзі і ветэранаў, развіццю культурна-масавай і спартыўнай работы, забеспячэнню жыллём. У канчатковым выніку калектыўны дагавор вызначае павышэнне жыццёвага ўзроўню працаўнікоў прадпрыемстваў АПК і іх замацаванне на вытворчасці. Сутнасць пагадненняў і калектыўных дагавораў таксама дазваляе ахапіць усе бакі жыццядзейнасці чалавека працы, вырашыць яго надзённыя праблемы.
Вывучэнне палажэнняў шэрагу калектыўных дагавораў паказвае, што яны сталі рыхтавацца і афармляцца на больш якасным узроўні, у іх прадугледжана больш канкрэтных мер і стымулаў, якія рэальна садзейнічаюць абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў. У арганізацыях аграсектара работнікам у якасці натуральнай аплаты выдзяляецца зерне, сена, салома, аказваецца вялікая дапамога па апрацоўцы прысядзібных участкаў, праводзяцца даплаты да заработнай платы за павышэнне кваліфікацыі, за сумяшчальніцтва, за работу ў начную змену і гэтак далей. Ва ўсе калектыўныя дагаворы ўнесены змяненні і дапаўненні ў сувязі з прыняццем у краіне новага Працоўнага кодэкса. Зыходзячы з рэалій цяперашняга дня ў калектыўных дагаворах з’явіліся і новыя палажэнні. Гэта такія як матэрыяльная зацікаўленасць за эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў, за выкананне грамадскіх работ грамадскімі інспектарамі па ахове працы.
Адным з асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага дабрабыту працоўных з’яўляецца заработная плата. Безумоўна, у сельгасарганізацыях яе рост забяспечваецца, але ж яна ніжэйшая, чым у іншых галінах. Таму гэтае пытанне знаходзіцца пастаянна пад пільным кантролем прафсаюза. Нізкія заробкі на вёсцы гэта не толькі з-за таго, што не захоўваецца норма закона, гаварыў выступаючы, але і таму, што існуе мноства недахопаў у аплаце працы. Не на высокім узроўні вядзецца работа па ўліку працоўнага часу, не аплачваецца работа звышустаноўленага часу. Калі гаварыць пра рэжым працы і адпачынак працаўнікоў, то значныя парушэнні тут выяўляюцца вельмі рэдка, і яны хутка ўхіляюцца. Водпускі прадастаўляюцца згодна заяў работнікаў, вытрымліваецца рэжым працы непаўналетніх, цяжарных жанчын, маці, якія маюць дзяцей да 14 гадоў.
Значныя меры прапісаны ў калектыўных дагаворах і ў дачыненні пытанняў аховы працы, па стварэнню для работнікаў бяспечных умоў на вытворчасці. І ў гэтай дзейнасці маецца таксама нямала станоўчага. Хаця ў шэрагу прадпрыемстваў яшчэ многае патрэбна зрабіць, каб выглядаць годна. Хаця ў цэлым выступленне старшыні райкама прафсаюза было пазітыўным, але не абыходзіў ён бокам і пытанні, над вырашэннем якіх яшчэ патрэбна прафсаюзным пярвічкам працаваць.
Вопытам работы па ўзаемадзеянню наймальнікаў і прафкамаў на пленуме падзяліліся кіраўнікі КСУПаў “Людзяневічы”, “Агра-Прыпяць”, ААТ “Жыткавічырайаграхімсервіс”, хлебнай базы. Як вынікала з іх выступленняў, многага можна дабіцца, калі прафсаюз і адміністрацыя працуюць у цеснай узаемасувязі. Тады і пытанні па абароне правоў працоўных вырашаюцца, і справы на вытворчасці складваюцца нядрэнна. Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу прысутных і начальнік райсельгасхарчу Валянцін Карпаў, які прымаў удзел у пленуме. Менавіта праяўлення яшчэ большай ініцыятывы і актыўнасці прафсаюза па вырашэнню разнастайных праблем і пытанняў працаўнікоў чакае кіраўнік аграрнай галіны раёна. “Ідзіце да людзей на вытворчасць, даводзьце, што кожны чалавек можа разлічваць на абарону сваіх правоў, тады стане зразумелым, што выпраўляць і што рабіць далей”, — гаварылася Валянцінам Мікалаевічам. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Тым больш што, як адзначалася ўдзельнікамі пленума, пастаўленыя задачы перад прафсаюзам зразумелыя, як і роля, што яны павінны адыгрываць па іх рэалізацыі.
С. БЕЛКА.