Добры плён працы сейбітаў

У ліку першых у раёне, хто завяршыў сяўбу яравых зерневых і зернебабовых культур, і працаўнікі камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Запясочча». У самыя кароткія тэрміны яны закрылі планавае заданне па сяўбе вышэйназваных культур.


Гэтую работу паспяхова выканалі механізатары Віктар Бруй і Уладзімір Собаль. Прычым сяўбу правялі не толькі хутка, але і з належнай якасцю. Гэтаму спрыяла тое, што працавалі яны на камбінаваных пасяўных агрэгатах замежнай вытворчасці. Не менш паспяхова тут справіліся і з падкормкамі мінеральнымі тукамі азімай збажыны. Механізатары Сяргей Дарошка і Дзмітрый Самурацкі зрабілі ўсё ў самыя аптымальныя тэрміны.


Высокія тэмпы правядзення палявых работ забяспечваюць у гаспадарцы і ў гэтыя дні. Практычна круглыя суткі не сціхае гул трактароў на грамадскім палетку сельгаспрадпрыемства. Днём і ноччу працуюць на энерганасычаным МТЗ механізатары Міхаіл Касач і Пётр Струк. З найбольшай эфектыўнасцю выкарыстоўваюць магчымасці свайго «сталёвага каня» механізатары ў гэтыя дні. Іх магутны «Беларус» спыняецца толькі, каб заправіцца палівам, ды на прамежкавае тэхабслугоўванне. З не менш высокапрадукцыйным агрэгатам АДУ яны рыхтуюць глебу пад сяўбу. Сёлета плошча пад яе ў сельгаспрадпрыемстве значна пашырала — амаль да тысячы гектараў, таму ёсць, вобразна кажучы, дзе развярнуцца такой магутнай тэхніцы.


Не вялікі перадых маюць і іншыя працаўнікі гаспадаркі. Рабочы дзень яны пачынаюць у сем гадзін раніцы, і цягнецца ён да дзевяці вечара. Таму ў гаражы тэхніка не затрымліваецца: атрымлівае механізатар пуцявы ліст і адразу кіруецца на замацаваны за ім участак работы. Дарэчы, каб не траціць дарэмна часу, абедаюць механізатары ў полі. Гарачая ежа падвозіцца ім прама на працоўнае месца. Вырашаны і іншыя бытавыя пытанні, адрэгуляваны ўмовы аплаты і стымулявання. Гэта таксама станоўча ўплывае на ход работ.


— Сяўба яравых зерневых і зернебабовых у нас прайшла хутка, бо плошча пад гэтыя культуры адведзена невялікая, усяго 150 гектараў, — расказвае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Чыкіда. — Асноўны аб’ём веснавых работ у нас наперадзе. Толькі гарохам патрэбна засеяць 180 гектараў, яшчэ 150 — салодкай кукурузай, 30 — цыбуляй, 10 — бульбай, яшчэ некалькі соцень кукурузай на корм жывёле. І пад агародніну таксама плошчы павялічыліся. Тэрміны ж сяўбы іх яшчэ не падышлі, таму асноўныя зараз клопаты — добра падрыхтаваць глебу для сяўбы і пасадак, а таксама заправіць яе ўгнаеннямі.


Таму і невыпадкова найбольшая колькасць тэхнікі задзейнічана менавіта на падрыхтоўцы глебы. Акрамя Міхаіла Касача і Пятра Струка, перадпасяўную падрыхтоўку глебы вядуць Мікалай Струк, Міхаіл Струк, Генадзь Пупенка. Мінеральнымі тукамі глебу запраўляе Сяргей Самцоў. Справа ладзіцца на кожным участку. Таму што да сяўбы ў гаспадарцы рыхтаваліся грунтоўна.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.